Андрэй Самохін (злева) і брат затрыманага Канстанціна Глушко Андрэй стаяць пасля вынясення прысуду ля Дома Правасуддзя. Фота Насты Храловіч.

Андрэй Самохін (злева) і брат затрыманага Канстанціна Глушко Андрэй стаяць пасля вынясення прысуду ля Дома Правасуддзя. Фота Насты Храловіч.

Андрэй Самохін. Фота Насты Храловіч.

Андрэй Самохін. Фота Насты Храловіч.

Падчас акцыі «Стоп-падатак», якая прайшла ў мінулую пятніцу ў Мінску, былі затрыманыя шэсць чалавек.

Кіроўцу Канстанціна Глушко і пасажыра Андрэя Самохіна спынілі а 18:30 на перакрыжаванні вуліц Янкі Купалы — праспекта Незалежнасці.

Як распавялі затрыманыя, на рагу ля цырка яны прыпыніліся на чырвоны, але супрацоўнік ДАІ паказаў, каб яны з’ехалі на абочыну. Ён падышоў да кіроўцы і папрасіў дакументы.

У гэты ж час да задніх дзвярэй падышоў чалавек у цывільным, адчыніў дзверы і папрасіў у Самохіна дакументы.

Самохін адмовіўся прад’яўляць пашпарт незнаёмцу і паспрабаваў зачыніць дзверы, але чалавек у цывільным стаў перашкаджаць. На ўсе пытанні ён адказваў толькі адно: «пасля даведаешся». Тады Самохін запытаў у супрацоўніка ДАІ — што гэта за чалавек тут стаіць і чаго ён хоча. На судзе гэты супрацоўнік выступаў у якасці сведкі і адказаў, што пытання Самохіна не чуў, «бо на праспекце было вельмі шумна».

Тады Самохін па тэлефоне выклікаў міліцыю. Супрацоўнік ДАІ трымаў дакументы ў руках і прапанаваў кіроўцу ехаць, але зрабіць гэтага Глушко не мог, бо дзверы былі адчыненыя.

Хутка пад’ехалі супрацоўнікі ППС — Самохін сам іх выклікаў, таму выйшаў з машыны і паказаў дакументы.

Тыя, па словах Самохіна, «узялі яго пад рукі ды запіхнулі ў машыну», а праз некаторы час у машыне апынуўся і Глушко.

Твар у яго быў чырвоны, акуляры ён трымаў у руках. Магчыма, супраць яго быў выкарыстаны газавы балончык кшталту «Чаромхі», бо адзін з супрацоўнікаў міліцыі пасля параіў Глушку не церці вочы, «бо будзе яшчэ горш».

Па словах затрыманых, іх спачатку не ведалі, куды адвезці, але пасля размеркавалі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе яны правялі выходныя. У панядзелак адбыўся суд. Абодвух абвінавачвалі па артыкуле 23.4 – 23.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, абраза службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў).

У якасці сведкі выступаў супрацоўнік ДАІ, што спыніў Глушко ды Самохіна на праспекце. Паказанні ён даваў супярэчлівыя: спачатку сказаў, што абодва «паводізілі сябе агрэсіўна, адмаўлялія прад’яўляць дакументы, зачыняліся ў машыне, хапалі супрацоўнікаў ППС за абмундзіраванне, адмаўляліся ісці ў машыну».

На гэту заяву Самохін адказаў: «як я мог адмаўляцца, калі я сам іх і выклікаў?»

Тады супрацоўнік ДАІ сказаў, што яны лаяліся матам, і на патрабаванні перастаць ніяк не рэагавалі. Выкарыстанне газавага балончыка ў дачыненні да Глушка ён таксама адмовіў.

У выніку Глушко атрымаў 5 сутак адміністратыўнага арышту, віну Самохіна не даказалі. Ён быў вызвалены адразу пасля вынясення рашэння суда.

«Суд, канечне, быў несправядлівы, - каментуе сітуацыю Андрэй Глушко, брат затрыманага. - Сведка даваў паказанні, якія ўвогуле якія супярэчаць адно адному! Чалавек рухаўся па праспекце, яго проста затрымалі, арыштавалі – і ніхто нічога не можа сказаць. Праводзілася акцыя па «Стоп-падатку», брат таксама рухаўся па праспекце, у ходзе гэтай акцыі і быў затрыманы.

Ён, напэўна, і прымаў удзел у гэтай акцыі. Бо кожны беларус павінны бараніць сваё меркаванне. Ні суддзя, ні сведка пра акцыю нават не ўзгадвалі – што ўсе машыны сігналілі, сказалі, што толькі ён адзін сігналіў, але ўсе ведаюць, што гэта не так. Супрацоўнік ДАІ, у сваю чаргу, сцвярджаў, што было шумна, але сігналіў толькі Глушко».

Сваякі спрабавалі аднесці перадачы, але стала вядома, што шмат што не прынялі.

Адпусцяць Канстанціна Глушко ў сераду, прыкладна ў другой палове дня.

Настасся Храловіч

***

18:30

Аляксандра Францкевіча асудзілі на 12 сутак. Суддзя — Вікторыя Шабуня. Такім чынам, Новы год ён сустрэне ў турме, паведамляе радыё «Свабода»

У судзе Цэнтральнага раёна Насту Кухту аштрафавалі на 650 тысяч (5 базавых велічыняў), Насту Шатэрнік — на 1,3 мільёна (10 базавых). Да таго ж, дзяўчаты з вечара пятніцы да раніцы панядзелка ўтрымліваліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

17:00

З Андрэя Самохіна — пасажыра, які ехаў у адной машыне з Глушко, — знялі абвінавачванні і вызвалілі.

16:15

Адзін з удзельнікаў акцыі Канстанцін Глушко асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы».

***

Нягледзячы на зафіксаванае ў Канстытуцыі правы на свабоду сходу і меркавання, улады Беларусі не пакідаюць без пакарання ніякай несанкцыянаванай ідэолагамі актыўнасці.

У рэчышчы гэтага ідзе і суд над актыўнымі ўдзельнікамі акцыі «Стоп-падатак», што адбылася ў Мінску 20 снежня. Нагадаем, што ўдзельнікі акцыі замарудзілі рух на цэнтральным праспекце Незалежнасці і гукавымі сігналамі пратэставалі супраць увядзення падатка на аўтамабілі.

Суд над Канстанцінам Глушко і Андрэем Самохіным праходзіць у Ленінскім райсудзе сталіцы (Сямашкі, 33). Вынясенне прысуду адбудзецца а 16-й у зале 1068.

Судзіць суддзя Камушкін.

Іх абвінавачваюць па артыкуле 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Іх затрымалі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы. Затрыманыя правялі выхадныя ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і сёння ў 10.30 былі дастаўлены ў суд.

У судзе дзяжураць праваабаронцы-вясноўцы, у працэсе ўдзельнічае адвакат.

Сёння судзяць таксама чалавека, які актыўна распаўсюджваў інфармацыю пра акцыю ў сацыяльных сетках.

Як бачым, улады спрабуюць застрашыць патэнцыйных ініцыятараў наступных акцый.

У судзе Цэнтральнага раёна сёння плануецца разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да яшчэ траіх удзельнікаў акцыі: Аляксандра Францкевіча, які здымаў тое, што адбываецца ў пятніцу на мабільны тэлефон, а таксама Насты Кухты і Насты Шатэрнік, якія заступіліся за Францкевіча падчас затрымання.

У чым менавіта іх абвінавачваюць, пакуль невядома.

Таксама супрацоўнікі ДАІ пачалі афармленне пратаколаў на кіроўцаў, якія сігналілі на праспекце ўвечары 20 снежня. Ім пагражае папярэджанне або штраф да 390 тысяч рублёў.

Падыход шаблонны: маўляў, ёсць два сведкі, якія бачылі, як вы парушалі правілы дарожнага руху ўвечары 20 снежня. Ім выдаюць позвы на адміністрацыйную камісію ў ДАІ на 26 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?