Беларусь цяпер знаходзіцца ў пераходным стане: шмат што мяняецца да лепшага, шмат недарэчнасьцяў. На пераходзе няможна адмаўляцца ад арыенціраў. У працяг дыскусіі аб адзіным правапісе піша кандыдат філязофскіх навук Віктар Адзіночанка.

У № 33 « Нашай Нівы» ад 6 верасьня гэтага году быў надрукаваны артыкул Сяргея Дубаўца «Ганс вялікі і Ганс малы», прысьвечаны новай рэдакцыі «Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі», падрыхтаванай Міністэрствам адукацыі РБ. Тэзіс, вынесены ў пачатак артыкулу: «Гаворка не ідзе пра адступніцтва або здраду клясычнаму правапісу як прынцыпу. Новыя правілы дадуць нам падставу гаварыць пра адну беларускую мову на постсавецкім этапе яе разьвіцьця. Хоць новы правапіс, безумоўна, запатрабуе далейшага рэфармаваньня».

Клясычны правапіс — гэта «тарашкевіца», якая ў 1933 годзе была гвалтоўна заменена «наркамаўкай». Мадэрнізаваным варыянтам апошняй будуць новыя правілы. С. Дубавец лічыць, што з гэтымі правіламі трэба пагадзіцца ў імя справы нацыянальнага адзінства.

У пачатку адзначу, што я цудоўна ведаю, хто такі Сяргей Дубавец і што ён зрабіў для беларускай культуры. Таму я буду абмяркоўваць праблемы, узьнятыя чалавекам, якога, па‑першае, лічу аднадумцам і, па‑другое, адчуваю да яго павагу. Пішу гэта ў самым пачатку менавіта з той нагоды, што з асноўнымі палажэньнямі артыкула катэгарычна ня згодны.

Скажу адразу, што не зьяўляюся філёлягам, і таму не лічу сябе спэцыялістам у моўным аспэкце пытаньня. На мой погляд, «тарашкевіца» больш адпавядае гучаньню беларускай мовы, хаця сам я выкарыстоўваю тую беларускую мову, якой навучыўся [Сам гэты ліст напісаны школьным правапісам. — Рэд.]. У той сытуацыі, у якой мы знаходзімся, ня бачу ніякіх падставаў для канфлікту паміж носьбітамі розных варыянтаў беларускай мовы: «тарашкевіцы», «наркамаўкі» альбо той, што будзе ўведзена ў адпаведнасьці з новымі правіламі.

Пярэчаньні ў мяне выклікае аргумэнтацыя С. Дубаўца, якая зьвязана з пытаньнямі ня столькі філялёгіі, колькі сацыялёгіі. Крытыкуючы рупліўцаў «тарашкевіцы», да якіх прылічвае і сябе, ён піша: «Сёньня мы ператварыліся ў сэкту, бо абралі для існаваньня паралельны сьвет. Замест таго, каб дамагацца зьменаў у афіцыйным правапісе, мы задаволіліся закрытым асяродкам сваіх выданьняў… Урэшце першапачатковая задача — думаць маштабамі нацыі — была страчана на карысьць захаваньня прынцыпаў, якія даўно сталі кухоннымі».

І тут узьнікае пытаньне: а дзе ён, гэты «рэальны» сьвет, «паралельным» да якога зьяўляецца сьвет, што зьмяшчае ў сабе С. Дубаўца, а зь ім і шмат іншых асобаў? Няўжо гэта сьвет афіцыёзу? Няўжо БТ з «Савецкай Беларусіяй» — гэта органы, празь якія трансьлюецца рэчаіснасьць?

Відавочна, што тая сытуацыя, у якой цяпер знаходзяцца і беларуская мова, і беларускае грамадзтва не зьяўляецца нармальнай. Я ня буду закранаць пытаньне, ці гэты стан — аб’ектыўны вынік пераходнага пэрыяду ці прадукт неразважлівай дзейнасьці цяперашняга кіраўніцтва краіны. Хутчэй за ўсё, і тое і другое. Але галоўнае — з гэтымі ненармальнасьцямі не згаджацца.

Калі казаць пра заклік «думаць маштабамі нацыі», дык не зусім зразумела, што маецца на ўвазе. Што тут разумеецца пад «нацыяй»? Калі гэта насельніцтва Беларусі, дык яно вельмі разнароднае. Як сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні, грамадзкая сьвядомасьць у Беларусі даволі супярэчлівая і ўтрымлівае самыя розныя кампанэнты. Апроч таго, любое нармальнае грамадзтва не зьяўляецца аднародным і складаецца з шэрагу разнаякасных групаў. Афіцыйная ідэалёгія старанна стварае вобраз адзінага беларускага народу, увасабленьнем інтарэсаў якога зьяўляецца цяперашняе кіраўніцтва краіны Ня трэба падтрымліваць гэты тэзіс, нават ускосна. Тыя жыхары Беларусі, якія ня згодны зь цяперашнім рэжымам, зьяўляюцца такімі ж прадстаўнікамі беларускага народу, як і тыя, хто з гэтым рэжымам згодны, а не «адмарозкамі» і «дэбіламі», як гэта імкнецца давесьці афіцыйная прапаганда. Дарэчы, сам я зьяўляюся сябрам Беларускага Хэльсынскага камітэту і ўжо амаль дзесяць гадоў у якасьці назіральніка прысутнічаю на ўсіх выбарах. Тое, што я там бачыў, выклікае ў мяне вялікія сумневы наконт адпаведнасьці рэчаіснасьці выказваньняў нашых уладаў пра тое, што яны прадстаўляюць безумоўную большасьць народу.

Калі Сяргей Дубавец піша: «Сёньняшняя Беларусь — постсавецкая і аўтарытарная — далёкая ад ідэалу, які нам мроіцца. Але пакуль мы не адчуем сябе яе часткай, нічога ня зьменіцца». Пытаньне: які сэнс у адчуваньні сябе часткай «постсавецкай і аўтарытарнай Беларусі»? Чаму б не адчуваць сябе часткай іншай Беларусі — свабоднай і дэмакратычнай, і паводзіць сябе як свабодны чалавек? Тым больш, што ня ўсё так адназначна. Гэта савецкі рэжым мог рэпрэсіўна навязаць рэчаіснасьць, цяперашні ж не настолькі моцны, шмат што ў ім хістаецца, і шмат што залежыць ад нас. Апроч таго, для значнай часткі людзей, нязгодных зь цяперашнім рэжымам, не стаіць пытаньне адчуваць ці не сябе часткай Беларусі. Яны тут рэальна жывуць і працуюць. Часткай чаго яны сябе павінны адчуваць? Таксама дадам, што, ідэал — гэта ня тое, што «мроіцца», гэта арыенцір для дзеяньняў. І калі ў чалавека такога арыенціру няма, ён ператвараецца ў беспрынцыпную істоту.

Скажу таксама пра пытаньні тактыкі. Праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі» падрыхтавала Міністэрствам адукацыі. І гэта менавіта ягонае дзіця. Навошта гэтыя правілы ў той ці іншай форме падтрымліваць, калі сам Сяргей Дубавец, піша, што гэта — «мадэрнізаваная «наркамаўка»? Цяперашняе Міністэрства адукацыі пасьлядоўна прытрымліваецца сваёй уласнай лёгікі. У тым жа нумары «Нашай Нівы» ад 6 верасьня Лявон Баршчэўскі піша пра новыя праграмы зь беларускай літаратуры, зь якіх выкінутыя вызначальныя творы Купалы, Быкава і Шамякіна.

На заключэньне хачу паўтарыць свой асноўны тэзіс: Беларусь цяпер знаходзіцца ў пераходным стане, шмат што мяняецца да лепшага, шмат недарэчнасьцяў. Ня трэба з усім згаджацца ў імя нейкага мітычнага адзінства невядома з кім. Як сказана ў Бібліі: «Час абдымаць, і час ухіляцца ад абдымкаў» (Экл. 3, 5).

Віктар Адзіночанка,
дацэнт кафэдры філязофіі Гомельскага ўнівэрсытэту

***
104 Kb
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0