Лідар вядомага беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок стаў лаўрэатам пятай штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», якую традыцыйна праводзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася 23 снежня ў Мінску.

Статуэтку пераможцы і дыплом атрымаў за Міхалка прэс-сакратар гурту.

У намінацыі «Кампанія года» лепшай прызнаная агульнанацыянальная кампанія «Зробім лепш! 2013», якая стварыла пляцоўку для супрацоўніцтва 27 НДА па ўсёй Беларусі. Каардынатар кампаніі Анастасія Александровіч зазначыла, што праект, у якім узялі ўдзел больш як шэсць тысяч чалавек, ствараўся для людзей і быў «не ў інтэрнэце, а прадстаўляў сабой рэальную справу».

Курсы беларускай мовы «Мова ці кава», якія на працягу года праходзілі ў сталічнай галерэі «Ў», прызнаныя лепшай новай ініцыятывай. Аўтар ідэі і ініцыятар курсаў Кацярына Кібальчыч падкрэсліла, што ўвесь гэты год займалася «практычнай беларусізацыяй» — тым, чым яна «ніколі ў жыцці не займалася». Паводле слоў Кібальчыч, у наступным годзе замест адных курсаў будуць арганізаваныя два, але пад іншымі назвамі.

Самай прыкметнай рэгіянальнай падзеяй года сталі народныя бунты супраць ліквідацыі свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней. Атрымаць узнагароду ў Мінск прыехала жыхарка вёскі Сумарокава (Магілёўскі раён) Кацярына Музыкантава. Яна зазначыла, што праблема дагэтуль не вырашана, аднак выказала надзею, што налета сумеснымі намаганнямі НДА, журналістаў і мясцовых жыхароў яе ўдасца пераадолець.

Лепшым сайтам НДА прызнаныя інтэрнэт-рэсурс ліквідаванага ўладамі праваабарочнага цэнтра «Вясна» (spring96.org). Праваабаронца Ірына Пракопчык зазначыла, што для «Вясны» ўзнагарода стала нечаканасцю, бо ў той жа намінацыі былі прадстаўлены «сайты больш шырокай тэматыкі». «Галоўнае, каб нас чыталі як мага больш простых людзей, а тэма правоў чалавека шырэй гучала ў грамадстве», — падкрэсліла яна.

У новай намінацыі «Лапаць года» за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў лепшай прызнаная сітуацыя са штрафам у дачыненні да арганізатараў велапрабегу «Стылягі на веласіпедах» у Мінску.

Званне лаўрэата ў намінацыі «Крэатыў года» раздзялілі паміж сабой праект «PRацоўня сацыяльнай рэклямы» і ўстаноўка прыватнага помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага мецэнатам Мікітам Забудам.

Месцам года стала сталічная пляцоўка ЦЭХ, а СМІ года прызнана інтэрнэт-тэлебачанне TUT.BY.

Усяго арганізатарам прэміі сёлета паступіла 160 заявак у дзевяці намінацыях.

Старшыня рабочай групы асамблеі Сяргей Мацкевіч паведаміў, што 2013 год быў «даволі багаты для грамадзянскага сектара». Ён падкрэсліў, што за ўсім гэтым стаяць людзі, якія «ўкладваюць у развіццё трэцяга сектара сваё здароўе, энергію, сілу, частку жыцця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?