24.12.2013 / 10:52

У Расіі налічылі амаль 400 тысяч мігрантаў з Беларусі 3

Афіцыйныя дадзеныя аб колькасці мігрантаў апублікавала Федэральная міграцыйная служба Расіі.

У зводнай табліцы ў алфавітным парадку прадстаўленыя статыстычныя звесткі ў дачыненні да прадстаўнікоў 236 краін, «якія знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у полаўзроставым разрэзе (па стане на 2 снежня 2013 г.)», пішуць «Беларускія навіны».

Што да «полаўзроставага разрэзу», то з 385 149 чалавек 243 210 — мужчыны, з іх 219 040 ва ўзросце ад 18 да 59 гадоў. Астатнія мігранты з беларускімі пашпартамі — дзеці да 17 гадоў (16 974) і людзі, старэйшыя за 60 (7196).

Нашых жанчын у Расіі, паводле дадзеных ФМС, 141 939. З іх 117 801 — ва ўзросце ад 18 да 59 гадоў. Адпаведна, астатнія грамадзянкі Рэспублікі Беларусь — ва ўзросце да 17-ці (16 097) і старэйшыя за 60 гадоў (8041).

Графа «Беларусь» у табліцы займае 22-ю пазіцыю, аднак па колькасці грамадзян на тэрыторыі ад Калінінграда да Камчаткі беларусы саступаюць толькі грамадзянам:

Узбекістана — 2 620 000 чалавек;

Украіны — 1 610 000 чалавек;

Таджыкістана — 1 194 000 чалавек;

Азербайджана — 620 000 чалавек;

Казахстана — 599 000 чалавек;

Кыргызстана — 571 000 чалавек.

Асабліва варта адзначыць, што гэта афіцыйная статыстыка расійскага боку.

Раней падлікі з боку беларускіх структур насілі вельмі прыблізны характар і адносіліся выключна да працоўных мігрантаў. Напрыклад, згодна з беларускім перапісам насельніцтва 2009 года, у Расіі працавалі 37 676 беларусаў.

Але гэта відавочна заніжаная лічба, бо яна ўключала толькі тых людзей, якія працавалі ў час правядзення перапісу, то бок у кастрычніку 2009 года. Пры гэтым беларускія чыноўнікі самі неаднаразова ўказвалі на няўлічаныя памеры нелегальнай працоўнай міграцыі.

Так, у 2006 годзе начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, спасылаючыся на дадзеныя расійскіх экспертаў, выказаў здагадку, што ў Расіі нелегальна працуе 150-300 тысяч беларусаў. Трэба разумець, што апублікаваная ФМС РФ лічба ў амаль 400 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў Расіі і відавочна працуюць, дае падставу аналітыкам ацаніць рэальныя працоўныя страты дзяржавы з усімі наступствамі.

0
Vital / Адказаць
24.12.2013 / 11:12
НН, сёння Дзень Нараджэння выбітнага Адама Міцкевіча. А ў вас гэта ніяк не адзначана. Ці вы не лічыце яго нашым?
0
Richtigman / Адказаць
24.12.2013 / 12:28
Нашы людзі ў эміграцыі : Бо,Краіна - ў акупацыі !
0
zmicierhac / Адказаць
24.12.2013 / 12:56
Вось цiкавая стацця з нагоды юбiлея: http://mfront.net/dzien-naradzhennia-adama-mickievicza.html#more-9440
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру