«Швэдзкі стол» стаў даволі распаўсюджанай зьявай у сьвеце грамадзкага харчаваньня. І ня менш распаўсюджанай стала сцэна: наесца чалавек «ад пуза» й ідзе ўперавалачку, аслабіўшы папругу й схапіўшыся за жывот. Ідзе й бядуе: «І навошта я зьеў так шмат?». Браян Уэнсынк, прафэсар Корнэльскага ўнівэрсытэту (ЗША, штат Нью‑Ёрк) дакладна ведае прычыну такіх паводзінаў: чым больш ежы, тым больш чалавек есьць. І ў яго ёсьць бяздонная талерка з супам, якая дазволіла яму гэтую тэзу даказаць.

«Мы мяркуем пра ступень насычэньня, арыентуючыся не на тое, што нам кажа наш страўнік, а на тое, што кажуцуь нам нашыя вочы», — заявіў ён.

Дасьледаваньне Ўэнсынка, падчас якога ён правёў некалькі экспэрымэнтаў з звычайным талеркамі таматнага супу й некалькімі «бяздоннымі» талеркамі, прынесла яму й ягонай камандзе штогадовую прэмію за самыя неверагодныя адкрыцьці, якую ўручае часопіс Annals of Improbable Research.

Яго можна павіншаваць. Ігнобэлеўская прэмія , Ig Nobel prize, колькі б яе ні называлі «антынобэлеўскай», «шнобэлеўскай» і «гнобэлеўскай» — даволі значная прэмія, яе абы каму не дадуць. А дадуць толькі таму, хто правёў сапраўдную, сур’ёзную навуковую працу… якая проста прывяла да неардынарных вынікаў.

Пра гэта сьведчаць і дасягненьні іншых ляўрэатаў прэміі, якіх ганаравалі ў гэты чацьвер у Тэатры Сандэрса Гарвардзкага ўнівэрсытэту. А паколькі прэміі ўручалі ўладальнікі сапраўднай «Нобэлеўкі», аўтары «неверагодных дасьледаваньняў», збольшага, зь вялізным задавальненьнем пагадзіліся пэрсанальна прыбыць на цырымонію.

Сярод іх два дасьледчыкі, якія напісалі працу, якая пратне вас да самага сэрца, — пра раненьні, якія атрымліваюць глытальнікі шпаг. Таксама ў сьпісе галяндзкі навуковец, які склаў пералік усіх казюрак, якія дзеляць зь людзьмі іх ложкі, і вынаходнік, які запатэнтаваў прыстасаваньне ў стылі Бэтмэна, каб лавіць рабаўнікоў з дапамогаю сетак.

Зрэшты, як паскардзіўся рэдактар Annals of Improbable Research Марк Абрагамс агенцтву Associated Press, сярод навукоўцаў яшчэ сустракаюцца «несьвядомыя» асобы. Гэтак, прэмія міру сёлета была прысуджаная Ваенна‑паветраным сілам ЗША за ідэю распрацаваць «гей‑бомбу», хімічную зброю, пад узьдзеяньнем якой варожыя салдаты забылі б пра вайну і кінуліся б кахацца адно з адным. Абрагамс змарнаваў процьму часу ў спробах угаварыць хоць каго‑небудзь з прадстаўнікоў ВПС, хай нават адстаўнога, прыйсьці на цырымонію й прыняць прэмію ад імя Ўзброеных сіл. Але ўсё дарма.

«Які іншы чалавек у здаровым розуме адмовіўся б ад такога запрашэньня?» — дізвіцца Браян Ўэнсынк.

Дарэчы, час нам ужо вярнуцца да ненажэраў…

Прэмія ў галіне навук пра харчаваньне

Сутнасьць дасьледаваньня: Чым больш перад чалавекам ежы, тым больш ён яе зьесьць. Праверана на добраахвотніках.

Аўтар: Браян Уэнсынк.

Такім чынам, як мы ўжо згадвалі, галоўны сакрэт Браяна Ўэнсынка — бяздонныя талеркі. Яны, вядома, не зусім бяздонныя. Проста навуковец прытачыў да талерак спэцыяльныя трубкі, прызначаныя для таго, каб супу ў талерцы ніколі ня меншала. А пасьля пасадзіў добраахвотнікаў абедаць.

Колькі б ні зьелі небаракі падчас экспэрымэнту — талеркі напаўняліся зноў, прычым павольна й абсалютна незаўважна для едакоў.

Прэмія па мэдыцыне

Сутнасьць дасьледаваньня: Даказана, што глытаньне шпаг мае пабочныя эфэкты, небясьпечныя для вашага здароўя. Некаторыя з гэтых эфэктаў ледзь не пагубілі дасьледчыкаў.

Аўтары: доктар Браян Уіткамб і Дэн Мэер.

Прэмію па мэдыцыне доктар Браян Уіткамб з гораду Антыёх (ЗША, штат Тэнэсі) і Дэн Мэер з англійскага Глёстэру атрымалі за працу «Глытаньне шпаг і яго пабочныя эфэкты», апублікаваную летась у аўтарытэтным мэдычным часопісе British Medical Journal. Паводле слоў Мэера, аднаго з выбітных прадстаўнікоў ня надта папулярнай сёньня прафэсіі шпагаглытальнікаў (іх колькасьць на плянэце наўрад ці перавышае некалькі дзясяткаў), гэта першае ў сьвеце ўсёабдымнае дасьледаваньне раненьняў, якія можа атрымаць чалавек у выніку глытаньня шпаг. Паводле ягонага сьцьверджаньня, самымі распаўсюджаныя пашкоджаньнямі — задзірыны ў горле, пэрфараваньне страваводу й праколваньне крывяносных сасудаў. Што, бадай, ня дзіва.

«У бальшыні выпадкаў шпагаглытальнік атрымлівае сур’ёзнае раненьне альбо пасьля таго, як раней атрымаў невялікую траўму, з‑за якой у ягоным горле ўтварылася запаленьне, альбо ў выніку таго, што ён робіць штосьці экстраардынарнае — напрыклад, глытае некалькі шпаг адразу», — патлумачыў Мэер.

І гэтыя словы таксама тлумачаць, чаму два гады таму Мэер быў вымушаны легчы ў шпіталь, а пасьля правесьці некалькі месяцаў у ложку пасьля таго, як пяць праглынутых ім шпаг прадзіравілі ягоны страўнік.

«Я гляджу на шпагі і пра кожную думаю: «Ці ня гэтая — тая самая, што заб’е мяне?» — падзяліўся Мэер з журналістамі ўражаньнямі ад працэсу.

Прэмія па фізыцы

Сутнасьць дасьледаваньня: Усталявана, што складкі на прасьцінах паддаюцца фармалізацыі.

Аўтары: Л. Махадывэн і прафэсар Энрыке Керда Віляблянка

Гарвардзкі прафэсар прыкладной матэматыкі Л.Махадывэн і прафэсар Энрыке Керда Віляблянка з унівэрсытэту Сант’яга (Чылі) атрымалі прэмію за вывучэньне праблемы, якая напэўна хвалюе большасьць жыхароў плянэты — тых, каму хоць раз даводзілася ўкладаць ложак. Гэта складкі на прасьціне.

Малюнак разнастайных складак, які мы можам назіраць на прасьцінах, мала чым розьніцца ад малюнка складак на чалавечай скуры ці на скуры жывёл.

«Мы паказалі, што ўсе гэтыя складкі можна апісаць, выкарыстоўваючы простую формулу», — скахаў Махадывэн. І, што паводле ягонага прызнаньня, ня менш важна, паказала тое, што «навука можа быць забаўнай».

Прэмія па біялёгіі

Сутнасьць дасьледаваньня: Складзены поўны пералік разнастайных кляшчоў, скарпіёнаў, павукоў, прымітыўных расьлін і мікраарганізмаў, якія сустракаюцца ў ложку чалавека.

Аўтар: доктар Джаана І.М.Х. фон Бронсьвійк

Прэмія па хіміі

Сутнасьць дасьледаваньня: Практычная дэманстрацыя таго, што пацукі ня могуць адрозьніць, ці чалавек гаворыць на японскай мове, ці на галяндзкай, калі гаворка гучыць «задам наперад».

Аўтары: Хуан Мануэль Таро, Жазэў Трабалён, Нурыя Сэбасьцян‑Галес.

Прэмія па літаратуры

Сутнасьць дасьледаваньня: Вывучэньне пэўнага артыкля «the» і ягоных асаблівасьцяў, якія ствараюць праблемы пры ягоным напісаньні.

Аўтар: Гленда Браўн.

Прэмія міру

Сутнасьць дасьледаваньня: Прапанова распрацаваць «гей‑бомбу», нелятальную хімічную зброю, пад узьдзеяньнем якой варожыя жаўнеры будуць адчуваць сэксуальны юр адно да аднаго.

Аўтар: Дасьледчыцкая лябараторыя ВПС ЗША.

Прэмія па эканоміцы

Сутнасьць дасьледаваньня: Запатэнтаванае новае прыстасаваньне для банкаў, з дапамогай якога можна скінуць сетку на рабаўнікоў.

Аўтар: Ку Чэн Хсі

Прэмія па авіяцыі

Сутнасьць дасьледаваньня: Выяўлена, што хамякі, якім даюць «Віягру», хутчэй узнаўляюцца пасьля пералёту празь некалі гадзіньнікавых паясоў.

Аўтары: Патрысія Агастына, Сант’яка Пляна, Дыега Галёмбэк

Паводле GZT.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0