Прайшла навіна пра тое, што ў Літоўскай Рэспубліцы 2014 год абвешчаны годам Аршанскай бітвы.

Ня будзем засярэджвацца на пытаньні пра тое, ці вялікае дачыненьне мае сучасная Літоўская Рэспубліка гэтае бітвы і да Вялікага Княства Літоўскага ўвогуле: гэта сувэрэннае права літоўцаў сьвяткаваць тое, што яны самі жадаюць.

Пытаньне іншае: а

чаму гэта паўтысячагадовы (!) юбілей Аршанскай бітвы, у якой перамагло войска, дзе большасьць складалі продкі сучасных беларусаў, не плянуецца сьвяткаваць на афіцыйным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь?

Таму толькі, што Крэмль — галоўны (адзіны) сябар і спонсар існуючага ў Беларусі рэжыму?

Але ж у Расеі вось ужо некалькі год сьвяткуецца Дзень Народнага Адзінства 4 лістапада.

Прыкладна ў гэты дзень у 1612 годзе паўстанцы на чале зь Мініным і Пажарскім выбілі з тэрыторыі Масквы войскі Рэчы Паспалітай.

Гэтае сьвята пры жаданьні можна было б разглядаць як антыпольскае і антыбеларускае,

бо большасьць у войску Рэчы Паспалітай складалі якраз тыя, каго сёньня прынята называць беларусамі. Але хіба павінна адно толькі гэта быць прычынай для расейцаў не сьвяткаваць гэтае сьвята як сьвята вызваленьня ад іншаземных захопнікаў — нават калі захопнікамі апынуліся беларусы?

Як і са сьвятам 4 лістапада ў Расеі, для беларусаў у Аршанскай бітве няважна, хто канкрэтна быў ворагам у гэтым канкрэтным гістарычным эпізодзе (і тут я зьвяртаюся да тых беларускіх патрыётаў, якія ўсё ж зьбіраюцца гэтую дату адзначаць).

Галоўнае — не каго перамаглі, а як перамаглі: а Аршанская перамога была яскравай падзеяй, дзякуючы военачальніцкаму таленту Канстанціна Астроскага і адвазе тысячаў беларускіх ваяроў,

што ў няроўнай бітве здабылі перамогу над шматкроць больш моцнымі сіламі ворага. Пры ўсёй той пошласьці, зь якой у сучасных Беларусі і Расеі адзначаецца 9 траўня, у гэтых сьвяткаваньнях лічы што не засталося ніякага антынямецкага кампанэнту.

Гадавіна Аршанскай бітвы 8 верасьня — гэта нагода ўшанаваць усіх беларускіх вайскоўцаў і ваенных герояў ад Канстанціна Астроскага да Люцыяна Жалігоўскага і Станіслава Булак-Балаховіча.

Напамін пра тое, што насуперак лукашэнкаўскаму гімну

беларусы — ня «мірныя людзі», а народ з даўняй і слаўнай вайсковай гісторыяй і ваярскімі традыцыямі, якія вартыя таго, каб іх адраджаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?