Стабільнасць абменнага курсу беларускага рубля ў запланаваных параметрах будзе залежаць ад прыцягнення валюты ў краіну. Пра гэта заявіў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у інтэрв'ю «Народной газете».

«Бюджэт-2014 звярстаны зыходзячы з абменнага курсу 9.800 рублёў за долар. Ці ўтрымаемся на гэтым узроўні, залежыць ад таго, наколькі паспяхова будзем працаваць над прыцягненнем валюты ў краіну, у тым ліку на мэты рэфінансавання пазыковых абавязацельстваў. Галоўная задача для ўрада на бліжэйшы год — забяспечыць раўнавагу і ўстойлівасць на фінансавым рынку. Нават калі для гэтага давядзецца паступіцца ростам ВУП ці фінансаваннем асобных дзяржпраграм. Калі ўрад не зверне з гэтага курсу, абменны курс будзе стабільным», — заявіў Ермаловіч.

«У нас праблема ў тым, што абавязацельствы па пагашэнні знешніх даўгоў размеркаваныя нераўнамерна па гадах. Пачынаючы з гэтага года мы ўвайшлі ў трохгадовы перыяд пікавых выплат. У наступным годзе плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні знешняга доўгу ўзрастуць і складуць 3,2 мільярда долараў. Аднак ні пра якое спаўзанне ў пазыковую яму гаворка не ідзе. «Незвязаныя» і знешнія крэдыты прыцягваюцца выключна на мэты рэфінансавання дзярждоўгу, што з'яўляецца нармальнай сусветнай практыкай. У перспектыве ў нас атрыманне шостага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, ідуць таксама перамовы з Расіяй і Кітаем пра магчымае двухбаковае супрацоўніцтва ў фінансавай сферы», — сказаў намеснік міністра фінансаў.

Што да замежных крэдытных рэсурсаў, то яны, паводле слоў Ермаловіча, прыцягваюцца для рэалізацыі прыярытэтных інвестпраектаў, якія забяспечваюць прыток валютнай выручкі ў краіну, што таксама дапамагае ажыццяўляць плацяжы па знешнім доўгу.

«Можна, вядома, разлічыцца па даўгах за кошт назапашаных астаткаў сродкаў бюджэту. Але гэта значыць выключыць значную суму валюты з эканомікі, скараціць бюджэтныя расходы, падтрымку вёскі, спыніць далейшую мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Таму лепш рэзервы захаваць, а рэсурсы прыцягнуць за кошт знешніх запазычанняў і прыватызацыі аб'ектаў дзяржуласнасці», — адзначыў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, да канца наступнага года Мінфін чакае знешні дзярждоўг Беларусі на ўзроўні 14,6 мільярда долараў. Гэта менш як 20% ВУП, што ніжэй за парогавыя значэнні гэтага паказчыку ў параметрах эканамічнай бяспекі краіны.

«Калі ацэньваць стан нашага знешняга дзярждоўгу на фоне іншых краін, то мы выглядаем значна лепш. Сёння на аднаго чалавека ў нас прыпадае прыкладна 1.300 долараў знешняга дзярждоўгу, у той час як, напрыклад, у Польшчы гэты паказчык складае больш за чатыры тысячы долараў, у Латвіі — каля 4.500 долараў, у Літве — больш за пяць тысяч долараў. І я не сказаў бы, што эканоміка названых краін генерыруе такія даходы, якія дазваляюць бязбольна разлічыцца з гэтымі даўгамі. Калі ў Беларусі амаль 80% прадпрыемстваў належыць дзяржаве і прыватызацыя можа служыць адной з крыніц выплат па пазыковых абавязацельствах, то там няма чаго прыватызаваць, і рана ці позна кожны грамадзянін гэтых краін будзе вымушаны плаціць за даўгі з уласнай кішэні», — заявіў Максім Ермаловіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?