Герб Бэльгіі

Не пасьпела Бэльгія апамятацца ад канфузу з гімнам, як новы прэм’ер паставіў яе перад новай праблемай. Флямандзкая хрысьціянска‑ дэмакратычная партыя, якую прадстаўляе прэм’ер, адмовілася ўваходзіць у кааліцыю з сваімі партнэрамі з Валоніі. Флямандцы ізноў патрабуюць фэдэрацыі, і праз гэта ня можа ўтварыцца новы бэльгійскі ўрад. Чаму ня могуць дамовіцца флямандцы й валоны? І што за краіна такая— Бэльгія?

Першымі тэрыторыю сучаснай Бэльгіі — гістарычныя герцагствы Фляндрыю і Брабант— аб’ядналі герцагі Бургундзскія‑Валуа. Герцагства Бургундзкае, сталіцай якога быў Брусэль, зьяўлялася адной з найвялікшых дзяржаваў тагачаснае Эўропы і нашмат пераўзыходзіла Караўлества Францускае. Прадстаўнік герцага бургундзкага прысутнічаў на каранацыі Вітаўта Вялікага. Пасьля сьмерці апошняга з герцагаў, Карла Сьмелага, большасьць ягоных уладаньняў перайшла да Габсбурга. Імпэратар Карал Пяты, які нарадзіўся ў Бэльгіі, падарыў свае бургундзкія ўладаньні сыну—каралю Гішпаніі Піліпу. Новы ўладар прыйшоўся вольным правінцыям недаспадобы, і яны распачалі першую буржуазну рэвалюцыю. Гэтыя падзеі натхнялі Шылера, Гётэ, Бэтховэна, Аляксандра Дзюма, а ў нас— Уладзімера Караткевіча (верш «Прарок Босх»).

У выніку рэвалюцыі паўночная частка краіны ўтварыла Рэспубліку Злучаных Правінцыяў (сёньня Караўлества Нідэрлянды, або папросту Галяндыя), паўднёвая засталася часткаю габсбургскае імпэрыі. Лёс гэтых, ужо розных, краінаў быў розным. Галяндыя стала «ўзорнай капіталістычнай краінай»( Карл Маркс), «лябараторыяй Эўропы»( Арнольд Тойнбі). Менавіта тады галяндцы зрабілі найвышэйшыя дасягненьні ў жывапісе (Рэмбрант), філязофіі (Сьпіноза), навуцы (вынаходніцтва тэлескопу, мікраскопу, геаграфічныя дасьледваньні). Галяндыя была прыкладам нечуванае свабоды сумленьня ў тагачасннай Эўропе. Там знаходзілі прытулак беларускія прыхільнікі Сымона Буднага, а таксама стварльнік нашых літараў Ільля Капіевіч.

Паўднёвыя правінцыі сталі прадметам барацьбы паміж Гішпаніяй, Францыяй, Аўстрыяй. На пачатку васямнаццатага стагодзьдзя яны знаходзіліся ў вартым жалю стане, там было ўсяго каля дзесяці пісьменных людзей. Канец васямнаццатага стагодзьдзя прынёс надзею. Пад уплывам францускае рэвалюцыі мясцовыя жыхары падняліся цяпер ужо супраць Вены і абвясьцілі сваю Бэльгійскую Рэспубліку (па назьве старажытнага кельцкага племені бэльгаў, якое калісьці тут жыло). Праўда, новая рэспубліка адразу апынулася ў залежнасьці ад Францыі. А Напалеон увогуле ліквідаваў усе прыкметы бэльгійскай самастойнасьці. Пасьля Напалеонаўскай паразы Бэльгія была перададзена Нідэрляндам. Але надзеі на гістарычныя сувязі ня спраўдзіліся. У 1830 годзе бэльгійцы зноў паўсталі і ўтварылі сваё караўлества. Мікалай Першы хацеў дапамагчы свайму ро¬дзічу, галяндзкаму каралю, і паслаць свае войскі супраць бунтоўных бэльгаў. Але тут пачалося паўстаньне ў былым Вялікім Княстве Літоўскім. «Жандар Эўропы» апынуўся занятым, і бэльгійцы нарэшце атрымалі магчымасьць для самастойнага разьвіцьця. І скарысталіся ёю напоўні¬цу. На пачатку наступнага стагодзь¬дзя Бэльгія была ўжо імпэрыяй, чые валоданьні ў Афрыцы пераўзыходзілі Заходнюю Эўропу. Імёны Эміля Вэрхарна, Морыса Мэтэрлінка, Шарля дэ Кастэра (ягоную «Легенду пра Тыля Ўленшпігеля» пераклала на беларускую мову Леаніла Чарняўская, жонка Максіма Гарэцкага). Усе названыя аўтары— флямандцы, але пісалі яны на францускай «панскай» мове. Флямандзкая ж гаворка лічылася мужыцкаю. Флямандцы, канечне, былі незадаволеныя.

Таму, калі Гітлер рушыў на Бэлгію, краіна была захоплена, нягледзячы на мужнасьць каралеўскага войска (дарэчы, яно зрабіла ўражаньне на салдата Войска польскага Янку Брыля). Флямандцы ўбачылі ў прыходзе нямецкіх братоў шанец для сябе. І сапраўды, флямандзскай мове было да¬дзена зялёнае сьвятло. Флямандзкія нацыяналісты стварылі свой легіён СС.

Пасьля вайны Бэльгіі давялося перажыць свой эканамічны цуд, канец каляніяльнай імпэрыі. Памятаеце Патрыса Лумумбу, «зактаванага бэльгійскімі калянізатарамі»? Лумумба, дарэчы, не камуніст, а «волюнтэа», выхаванец бэльгійскіх школаў для афрыканцаў, і забілі яго не бэльгійцы, а чорныя, стваральнікі мясцовага «Прыднястроўя». Бэльгійцы хацелі пакінуць за сабой багатую вобласьць Катангу, дзеля чаго справакавалі яе аддзяленьне ад Конга. Сэпаратысты захапілі ў палон прэм’ер‑міністра краіны і зьнішчылі яго. У 1999 годзе бэльгійскі ўрад прынёс сям’і Лумумба й народу Конга прабачэньні.

Галоўнай бэльгійскай праблемай, аднак, застаецца флямандзкае пытаньне. Некалькі разоў яно ўжо ставіла каралеўства на мяжу распаду. Арбітарам выступае кароль. На яго асноўная надзея й сёньня. Відаць, не памыліўся Бэранжэ, калі пісаў: «Стаўце, бэльгійцы, сабе караля.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?