«Ён ці не?» — пытаецца фатограф. «Я не бачу добра», — адказваю. Узіраюся: нібыта і падобны да Лазара, але чамусьці з барадой.
«Так, гэта новы ксёндз. Зусім нядаўна да нас прыслалі», — кажа жанчына гадоў сарака пяці. Нядзеля. Святая імша ў неагатычным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Не сказаць, што людзей «не прапіхнуцца», але чалавек 200 знайшлі час прыйсці ў храм, месцаў на лавах на ўсіх бракуе. Па сённяшнім часе зусім не мала.
Пра справу ксяндза Уладзіслава Лазара, якога падазраюць у датычнасці да шпіянажу і паўгода пратрымалі ў турме КДБ, жанчына нічога не чула.
Дзесяць дзён да свята Божага Нараджэння. Трэці тыдзень адвэнту.
Касцёл у Вілейцы на цэнтральнай плошчы. Праз дарогу царква. Злева, побач з раённай дошкай гонару, лунае чырвоны сцяг.
Думалі, што эсэсэраўскі. Не, у гонар фабрыкі дзвярэй «Лаза». Справа — Парк культуры. На самой плошчы, проста з багажнікаў аўтамабіляў, можна купіць садавіны, гародніны. Як свежай, так і марынаванай.
«Дык адкуль вы? Нагадайце яшчэ раз», — пытаецца пробашч касцёла Аляксандр Барыла. «Так, ён у нас афіцыйна працуе». Святар уважліва вывучае нашы рэдакцыйныя пасведчанні. Тлумачыць нам, што справа вельмі далікатная і ён не ведае, ці пагодзіцца ксёндз Уладзіслаў размаўляць. Засмучаемся, што выхадны дзень можа паляцець сабаку пад хвост і сто кіламетраў мы праехалі ўпустую.
Айцец Барыла бярэ паперку з нашымі прозвішчамі ды ідзе ў плябанію. «Нічога абяцаць не магу», — кажа ён. Мы чакаем на вуліцы.
Хвілінаў праз пяцьшэсць ксёндз Аляксандр з’яўляецца ў дзвярах, праз імгненне выходзіць і Уладзіслаў Лазар. За час працы ў журналістыцы даводзілася пабачыць дастаткова шмат людзей, што выходзяць з турмы. І на гэтым фоне першае, што кідаецца ў вочы: айцец Лазар вельмі бадзёры, яго твар не скаваны пакутамі і знясіленасцю.
Хаця на маё пытанне пра ўмовы ўтрымання ён адказвае: «Усё было як у турме». І, здаецца, гэтымі простымі словамі яму атрымліваецца выказаць усё, што перанёс. Лёгка не было — чытаецца ў гэтым адказе.
«Следства працягваецца. Нічога гаварыць не магу адносна справы. А то ў нас могуць і назад пасадзіць. Адно скажу: я ні ў чым не вінаваты», — на выдатнай беларускай мове кажа святар.
Яшчэ пару хвілінаў размаўляем на ганку. Ксёндз Лазар кажа, што атрымліваў некаторыя газеты, даходзілі «Аргументы і факты», каталіцкія выданні. Ён удзячны ўсім, хто асвятляў ягоную справу. Трохі смяецца. Праўда, так і не ўдаецца ўгаварыць яго сфатаграфавацца.
Святло на гэтую таямнічую справу пакуль не пралітае.
Але з вызваленнем ксяндза Лазара набліжаецца час, калі ўсё стане вядома.