Імя 25-гадовага Яўгена Бойкі прагучала ў СМІ, калі ён на канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форуму грама­дзянскай супольнасці ў Мінску прапанаваў план «Плошчы-­2015». Яго стратэгія прывядзе да перамен у краіне, упэўнены хлопец. Калегі крытыкуюць яго за рамантызм. Хто такі Яўген Бойка і што ў яго за смелыя прапановы?

Яўген называе сябе «звычайным беларускім хлопцам». Нарадзіўся ў Магілёве. Яго бацька з Заходняй Беларусі, матуля — з Магілёўшчыны. «Кожнае лета мяне вазілі ў вёску да бацькі на Заходняе Палессе, пад Маларыту. На ўсё жыццё запомніліся вясёлыя людзі, іх гаворка і песня «Ты ж мэнэ підманула». У школе я нават казаў замест «ён» — «він», настолькі паўплывала гаворка Палесся».

Выступаў за справядлівасць

Я быў трохі хуліганам, у школе хіба раз на месяц быў ты­дзень, калі прыносіў дзённік без заўваг. Але заўсёды выступаў за справядлівасць. Савецкія мульцікі прывучылі да пошуку і абароны справядлівасці.

Высоцкі і Караткевіч — прыклад неасуджэння

Бацькі заўсёды давалі мне свабоду выбару. Яны ў мяне не беларускамоўныя, але кніжку Караткевіча я ўпершыню пабачыў у руках матулі. Калі ў 9­м класе пачаў чытаць яго, гэта стала кропкай адліку па змене майго жыцця. Высоцкі і Караткевіч — дзве асобы, якія для мяне з самага дзяцінства засталіся прыкладам стаўлення да людзей і неасуджэння навакольнай рэчаіснасці.

Якія подпісы, за каго подпісы — я не ведаў

Маё жыццё шмат у чым вызначыў Караткевіч. Я паступіў на гістфак нашага МДУ. На першым курсе да мяне падышлі хлопцы са старэйшых курсаў і прапанавалі ісці збіраць подпісы. На двары 2005 год. Я тады ўвогуле не разбіраўся ў палітыцы. Якія подпісы, за каго подпісы — я не ведаў, але клікалі добрыя хлопцы, таму пайшоў. Пасля даведаўся, што подпісы за Мілінкевіча. Пачытаў пра яго, схадзіў на яго сустрэчу з выбаршчыкамі. З цягам часу прыйшло разуменне дзяржаўнай пазіцыі і апазіцыі.

 

Матуля замкнула мяне дома

Спачатку бацькі скептычна ставіліся да таго, што я раблю. У 2006 матуля нават замкнула мяне дома, каб не паехаў нікуды, але пасля адпусціла, і я паехаў на Плошчу. А ў 2011, падчас «маўклівых акцый», матуля сама ездзіла на машыне з песняй «Перамен» і пляскала з народам.

 

Адлічылі на трэцім курсе

На трэцім курсе мяне адлічылі. Спрабавалі і раней, але выкладчыкі не давалі. У выніку мяне адлічыла кафедра замежных моваў. Цяпер я давучваюся ў Польшчы і дапісваю магістарскую працу.

 

Беларусы знайшлі выйсце

Ва ўніверсітэце наш выкладчык рабіў этнаграфічныя вандроўкі па Магілёўскай вобласці, у якіх я з асалодай браў удзел. Падчас тых экспедыцый пераканаўся, што не ўсё ў нас так песімістычна. Я пабачыў на ўласныя вочы, што беларусы — гэта народ, якія ўмее добра трымацца, гуляць, танчыць, дурэць. Нашыя застоллі самыя крутыя. Беларусы, увесь час трываючы, знайшлі выйсце ва ўнутранай культуры.

 

Гэта не страх вядомага, а страх невядомага

Першы мой досвед Плошчы адбыўся ў 2006 годзе. Тады на другую ноч, калі нехта сказаў, што едуць КамАЗы, поўныя вайкоўцаў, і будзе разгон, мне стала страшна. Гэта быў страх невядомага. Я не ведаў, за што баяцца: за жыццё, за здароўе ці за лёс блізкіх. І тады я выйшаў да мікрафона і сказаў, што ўсё добра, гэта грузавікі вязуць валідол да Адміністрацыі прэзідэнта, бо там усім кепска стала. Такім чынам супакойваў сябе.

 

Ні ў 2006, ні ў 2010 Плошчы не было

Плошча не арганізоўваецца ў дзень выбараў. У гэтым сэнсе ні ў 2006, ні ў 2010 Плошчы не было.

 

Кажыце, што трэба рабіць

У 2010 не было нават нейкага падабенства Плошчы, дзевяць лідараў не змаглі ні пра што дамовіцца і нешта арганізаваць. У выніку, шмат хто адчуў боль і расчараванне пасля разгону. Мне нядаўна сказалі, што быццам бы апазіцыйныя лідары рыхтавалі блакаванне чыгуначнага вакзала. Пра гэта ніхто не ведаў. Яны не маглі кіраваць натоўпам. На Плошчу мае выходзіць не натоўп, а народ. Людзі гатовыя да самаарганізацыі.

 

Рух, які вынясе лідара

Лідары паўстаюць, калі ёсць адпаведны клімат. Цяпер яго няма. Я спадзяюся, адпаведны клімат узнікне бліжэй да выбарчай кампаніі. Патрэбны грамадска­палітычны рух, які вынесе лідара.

 

Хопіць недаацэньваць свой народ

Галоўны складнік Плошчы — людзі. Можна напісаць супер­мега­праграму, план і стратэгію, але калі вы прыходзіце на сустрэчу з людзьмі і не можаце іх натхніць, калі яны бачаць пагарду ў вашых вачах — нават не бярыцеся за справу. Многія апазіцыянеры, як і людзі ўлады, прыніжаюць народ, лічаць яго ні на што не здольным. Так нічога не выйдзе, хопіць недаацэньваць свой народ.

 

Любоў да чалавека — мэта

У нашых умовах трэба займацца не палітыкай, а асветай. Самая галоўная нашая мэта, як казаў яшчэ Гавал, — гуманізацыя адносінаў. Любоў да чалавека — гэта мэта. Усе адносіны: дзяржава­чалавек, чалавек­дзяржава, чалавек­чалавек — павінны быць як мага больш гуманнымі. А ўсё гэта магчыма праз стварэнне адкрытай грамадзянскай супольнасці.

 

Партыі будуць марыць далучыцца да нас

Магчыма, я выглядаю вельмі дзёрзкім і самаўпэўненым, але я проста адчуваю ўнутрана, што ўсё ўдасца. Той, хто будзе дзейнічаць у 2015­м, атрымае такую падтрымку, што партыі будуць марыць далучыцца да нас.

Мы збярэм больш за 100 тысяч чалавек

Калі ўсё зрабіць правільна – разгону не будзе. Плошча складаецца са шматлікіх элементаў, праца над якімі патрабуе вялікіх высілкаў. Немагчыма прадказаць колькасць людзей на Плошчы. Сілавыя структуры не могуць атакаваць, калі не маюць некалькіх перадумоў. Адна з іх – колькасць людзей, тут дзейнічае расклад 1:5, калі людзей больш у 5 разоў, яны не атакуюць. У Мінск можна прывезці ну максімум тасяч 15 сілавікоў. Калі неарганізаваная плошча набірае 40-50 тысяч, то колькі ж збярэ арганізаваная? Мы збярэм больш за 100 тысяч чалавек, як мінімум..

 

Ніякіх агрэсіўных дзеянняў

 Плошча – гэта сабранне людзеў у адным месцы, нельга нікуды ісці! Таксама нельга займаць адміністратыўныя будынкі і ні ў якім разе нельга рабіць агрэсіўных дзеянняў. Ну і канечне самаарганізацыя: гэта штабы, па некалькі дзясяткаў чалавек, якія будуць сапраўды пахаць, далей – стварэнне сектараў са сваёй кухняй, сувяззю са штабамі. Штабы павінны працаваць па ўсёй Беларусі.

Пры барацьбе за свабоду ні ў якім разе нельга рабіць агрэсіўных дзеянняў.

Я гатовы ўзяць адказнасць за Плошчу. Я проста люблю народ і люблю краіну, сваю Радзіму. Падчас этнаграфічных экспедыцый я бачыў нізы, я бачыў бесперспектыўнае жыццё, бачыў, як співаюцца мае сябры і знаёмыя. Але нават у сукупнасці з гэтым я ўсё гэта люблю. Бо гэта Беларусь, а я адзін з тысячы, хто не можа адмовіцца ад змагання за Беларусь.

 

Без свабоды не будзе хлеба

Самы галоўны пасыл — «Хлеба, солі, зямлі, волі!». Янка Купала аб’ядноўвае ў ім матэрыяльныя патрабаванні з каштоўнаснымі, і гэта справядліва. Без свабоды не будзе хлеба.

Што такое Нацыянальная платформа?

Ва «Усходнім партнёрстве» ўдзельнікі прадстаўленыя на ўзроўні кіраўнікоў краін. Паколькі беларускія ўлады цураюцца інтэграцыі з Еўропай, Беларусь прадстаўленая Нацыянальнай платформай Форума грамадзянскай супольнасці. У яе ўваходзяць сотні грамадскіх арганізацый, якія каардынуюцца дзеля набліжэння Беларусі да еўрапейскіх стандартаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?