Час ад часу ахоўнікі чуюць нейкія гукі, спрацоўвае сігналізацыя, уначы нехта стогне, плача, нечым грукае — такія чуткі паўзуць у Гомелі. Абсталяванне нібыта само сабой выключаецца і псуецца, водаправод прарывае, электрычнасць замыкае. Пры абходзе тэрыторыі супрацоўнікі нікога і нічога не знаходзяць.

Нікога — маецца на ўвазе таго, хто мае фізічнае цела. Людзі пераказваюць адзін аднаму страшныя гісторыі, ужываючы такія тэрміны, як «чорная дзірка», «анамальная зона», «негатыўная энергетыка».

Гісторыя ж Кніжнай — гэта дзівоснае перапляценне фактаў, рэальных і містычных.

Па­-першае, раён гэты раней называўся Каўказ. Кажуць, што так яго за ўзгорыстую мясцовасць назваў расійскі граф Паскевіч. Навукоўцы ж кажуць, што назва Каўказ можа паходзіць ад трансфармацыі старабалцкага слова «капкас», «каўкарус», што ў перакладзе абазначае «пагорак бажкоў».

Або Каўкас — хтанічная істота (істота, звязаная з сілай зямлі). Імаверна, на гэтай гары некалі стаялі паганскія ідалы. Пра такую версію пішуць аўтары «Сакральнай геаграфіі Беларусі». Праўда, так тлумачыцца назва вёскі ў Крупскім раёне.

Гомельскі «Каўказ» быў у пачатку ХХ стагоддзя месцам жыхарства беднякоў, цыганоў і злачынцаў. Некаторыя крыніцы падаюць, што нават царская паліцыя не рызыкавала наводзіць тут парадкі. А дзе злачынцы — там і вязніца.

Раней, за расійскім царом, на Кніжнай была турма. Потым, у час вайны, тут месціўся лагер «ДУЛАГ­121», дзе загінулі 100 тысяч чалавек як найменш. Пасля вайны на Кніжнай паўстаў следчы ізалятар.

Калі на Кніжнай будавалі дамы, то косткі адкопвалі пры кожным руху экскаватара. Але мемарыял тут не з’явіўся. Адзінае, што нагадвае пра тысячы ахвяр вайны, — сціплая шыльда на фабрыцы «Праца»: «Тут былі забіты 100 тысяч чалавек».

Гісторыкі спрачаюцца наконт дакладнага размяшчэння лагера. Ёсць версія, што сам лагер быў на месцы швейнай фабрыкі «8 Сакавіка», а будынак інстытута «БелНДПІнафта» пабудавалі на месцы могілак, куды немцы звозілі забітых.

Побач з «8 Сакавіка» і фабрыкай «Праца» — плошча Паўстання. Амаль штонядзелю тут праходзяць кірмашы, канцэрты, шашлыкі, распродажы.

Жыхар Кніжнай Кастусь Жукоўскі лічыць, што «так жыць нельга». «Памяць продкаў занядбана, 100 тысяч людзей тут пахавана, пад гэтым асфальтам у тым ліку. І кожную нядзелю — танцы, забавы. Кроў лю­дская — не вадзіца. Таму нешта там грукае, плача ў будынку «БелНДПІнафты», што няма супакою нявінным душам », — тлумачыць ён.

Сваю версію ненармальных з'яў на Кніжнай маюць эзатэрыкі.

Напрыклад, праблему з'яўлення ў будынку нейкіх целаў, якія плачуць, стогнуць, грукаюць і перашкаджаюць працы абсталявання, вывучаў прафесар Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны Аляксандр Рогалеў, які займаецца філасофіяй мовы, анамастыкай і эзатэрычнай лінгвістыкай.

Прафесар Рогалеў лічыць, што прычына неспакою зданяў, ці душ забітых людзей, — не толькі канцлагер. «Гэта звязана з геамагнітнай анамаліяй у дадзеным месцы. Уся вуліца Кніжная і прылеглая да яе тэрыторыя — адмоўнае «месца сілы», — упэўнены прафесар.

Гісторыю Кніжнай і Каўказа навуковец даследаваў пры падрыхтоўцы кнігі «Ад Гаміюка да Гомеля. Гарадская даўніна ў фактах, імёнах, асобах».

Па меркаванні Аляксандра Рогалева, у раёне Каўказа ёсць падземныя пустэчы і пячоры, якія маглі з самых старажытных часоў выкарыстоўвацца як месца здзяйснення розных містычных культаў.

Прафесар Рогалеў упэўнены, што мінулае ніколі не сканчаецца і не знікае. Месца неаддзельнае ад тых, хто з ім звязаны зараз ці быў звязаны раней. Яно абавязкова ўтрымлівае энергетычныя сляды знаходжання. У выпадку з вуліцай Кніжнай — сляды канцлагера.

«Тое, што адбываецца тут, гэта знак, сэнс якога яшчэ трэба зразумець», — мяркуе Рогалеў.

Можна дадаць: як і ўся беларуская гісторыя, урок якой мы ніяк не можам вывучыць — ушанаваць усіх ахвяр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?