Дзясятка спартсменаў, якія сёлета дасягнулі найлепшых вынікаў, а таксама вызначыліся сваёй грамадзянскай пазіцыяй.

Аляксандра Герасіменя

Фота Bnp.by

Двухразовая віцэ-­чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Лондане працягвае папаўняць калекцыю медалёў. Бронза Чэмпіянату Еўропы стала для Герасімені трыццатай узнагародай найвышэйшага ўзроўню ў кар’еры. «Болей, відаць, толькі ў Кацярыны Карстэн, але яна і старэйшая за Саню на цэлае спартыўнае жыццё», — кажа журналіст Сяргей Шчурко.

Вікторыя Азаранка

Australian Open

У 2013 год Азаранка ўступіла першай ракеткай свету. Яе працяглая серыя без паразаў дазволіла перамагчы на трох першых турнірах і абараніць свой тытул на звышпрэстыжным Australian Open. А таксама пазбавіцца «комплексу Серэны Уільямс» дзякуючы некалькім перамогам над амерыканскай тэнісісткай (у апошнія гады — найлепшай у свеце). Шматлікія траўмы не спрыялі стабільнай гульні Вікторыі. Зрэшты, Азаранка ўсё роўна скончыла сезон на другім радку ў сусветным рэйтынгу.

Дар’я Домрачава

Апошнія некалькі гадоў Домрачава знаходзіцца ў эліце сусветнага біятлона. У сезоне 2012/13 гадоў яна выйграла тры гонкі Кубка свету, дзевяць разоў уздымалася на подыум і другі раз запар заняла ў агульным заліку другое месца. У новым біятлонным сезоне Дар’я пакуль не паказвае сваіх найлепшых вынікаў. Фірмовая хуткасць спалучаецца ў яе са слабой стральбой. Зрэшты, неўзабаве нас чакаюць Зімовыя Алімпійскія гульні. Магчыма, трэнеры выведуць Домрачаву на пік формы менавіта да гэтых спаборніцтваў.

 

Анастасія Верамеенка

З сярэдзіны мінулага дзесяцігоддзя баскетбольная жаночая зборная Беларусі нязменна знаходзіцца ў сусветнай эліце. Сёлета яна стала пятай у Еўропе. Сярод лідараў каманды (Алены Леўчанка і Настассі Верамеенка) «НН» робіць стаўку на другую. Верамеенка доўгія сем гадоў выступала ў далёкім Арэнбургу. А летась наважылася на пераезд у турэцкі «Фенэрбахчэ». Вынікі відавочныя: тытул найлепшай баскетбалісткі Беларусі, перамога ў Чэмпіянаце Турцыі і фінал Еўралігі (баскетбольны аналаг Лігі чэмпіёнаў).

 

Аліна Талай

фота Generation.by

24­-гадовая лёгкаатлетка неаднаразова атрымлівала медалі на еўрапейскіх і сусветных спаборніцтвах. Сёлета яна стала срэбнай мэдалісткай Чэмпіянату Еўропы ў памяшканні. Але заўзятары любяць Талай не толькі за яе дасягненні. Яна трымаецца нацыянальнай пазіцыі. Сёлета яна пазітыўна выказалася пра сімволіку. «Давайце не будзем падманваць адзін аднаго: наш колер — бел­чырвона­белы. Куды падзець гісторыю дзяржавы да 1917 года?»

Сяргей Рутэнка

На мяжы стагоддзяў перспектыўны малады гандбаліст з’ехаў на Захад. А неўзабаве стаў выступаць за зборную Славеніі, з якой трапіў на Алімпіяду. Зорная «Барселона» перакупіла беларуса за 1,2 мільёна еўра — і Рутэнка стаў самым дарагім гандбалістам свету.

Яму дазволілі зноў абараняць колеры Беларусі. Дзякуючы Рутэнку, зборная пасля доўгага перапынку вярнулася ў сусветную гандбольную эліту. Сёлета на Чэмпіянаце свету зборная заняла 15­е месца. А сам Рутэнка быў прызнаны найлепшым левым паўсярэднім свету.

 

Віталь Радзівонаў

Сёлета найлепшым футбалістам Беларусі быў прызнаны Цімафей Калачоў. Але мы робім стаўку на Віталя Радзівонава з БАТЭ. Ён стаў найлепшым гульцом Чэмпіянату Беларусі, а таксама накалаціў больш за ўсіх галоў.

За інтэлект і нестандартнае мысленне Радзівонаў атрымаў мянушку Прафесар. А сёлета як ніколі выразна загучала грамадзянская пазіцыя футбаліста.

Ён зняўся ў некалькіх сацыяльных роліках і публічна заявіў, што беларуская мова «павінна гучаць часцей і па тэлебачанні, і па радыё, а таксама сустракацца ў нацыянальнай прэсе як мага часцей».

 

Міхаіл Грабоўскі

nhl.com

nhl.com

За ўсю гісторыю ў Нацыянальнай хакейнай лізе выступалі ўсяго дзевяць беларусаў. Але рэгулярна на лёд цяпер выходзіць толькі Грабоўскі. Апошнія гады хакеіст быў на добрым рахунку ў «Таронта».

Канфлікты з трэнерам прымусілі Грабоўскага змяніць клуб. Міхаіл добра ўпісаўся ў камандую гульню «Вашынгтона», за які выступае разам са славутым расейцам Аляксандрам Авечкіным, і рэгулярна радуе заўзятараў закінутымі шайбамі або выніковымі перадачамі.

 

Віталь Гуркоў

Goals.by

Goals.by

Дзесяціразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, Гуркоў добра ведае айчынную гісторыю. Ён стаў адным з першых спартсменаў, хто стаў размаўляць па­беларуску ў тэлеэфіры. Дарэчы, сваім жыццёвым арыенцірам баксёр лічыць Кастуся Каліноўскага.

Сёлета галоўным стартам Гуркова сталі Соmbat Games у Пецярбургу — своеасаблівая байцоўская Алімпіяда. У катэгорыі да 71 кг ён прабіўся ў фінал, дзе суддзі аддалі перамогу расійскаму стартсмену.

«Цмокі»

Дваццаць гадоў таму моладзевая зборная Беларусі стала чэмпіёнам Еўропы па баскетболе, але з таго часу мужчынскія каманды не ведалі дасягненняў у гэтым відзе спорту.

Выправіць становішча ўзяліся «Цмокі». Клуб абраў запамінальную назву, змяніў канцэпцыю развіцця (яго шэрагі папоўнілі замежныя баскетбалісты) і зрабіў стаўку на прасоўванне ў грамадстве беларускай мовы.

Вынікам стаў відавочны ўздым якасці гульні. І чэргі ў «Мінск­Арэне» па білеты на баскетбол.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?