Два з паловай года пасля трагедыі, якая здарылася з жыхаром Гомеля Аляксандрам Клімавым, ён ходзіць па інстанцыях, каб даказаць, здавалася б, відавочнае: ён атрымаў цяжкую траўму на вытворчасці, у працоўны час. Аддаўшы 32 гады жыцця роднаму прадпрыемству — ААТ «Гомельскі хімічны завод», узамен чалавек атрымаў звальненне і «Акт аб невытворчай траўме».

Працаваў Аляксандр Клімаў апаратчыкам абпалу шостага разраду, на завод прыйшоў у 1978 годзе, так і застаўся тут да 2012 года. Пасля працяглага бальнічнага быў звольнены з фармулёўкай «у сувязі з неадпаведнасцю работніка працы, што выконваецца, з прычыны стану здароўя, які перашкаджае працы».

Клімаў даказвае, што інваліднасць трэцяй групы ён «нажыў» на родным заводзе. А прадпрыемства катэгарычна адмаўляе: маўляў, траўма была невытворчая.

Вясной 2011 года, знаходзячыся на працоўным месцы ў працоўны час, Аляксандр Клімаў зайшоў на эстакаду разгрузкі вадкай серы, страціў прытомнасць і ўпаў. Па словах былога працаўніка завода, перад падзеннем ён адчуў пах серавадароду, затым — удушша, паспрабаваў сысці з зоны загазаванасці і апрытомнеў ўжо ўнізе, каля лесвіцы.

Атрымаў спалучаную траўму: пераломы рэбраў, пашко-джанне ўлоннага сучлянення, траўматычны сімфізіт. Затым больш за 200 дзён быў на бальнічным.

Пасля падзення апаратчыка даставілі ў медпункт хімзавода і толькі праз дзве з паловай гадзіны яго нарэшце адвезлі ў Гомельскую абласную туберкулёзную бальніцу (менавіта туды вязуць з пашкоджаннямі лёгкіх, зламанымі рэбрамі).

Туберкулёзная бальніца ў заключэнні напісала, што «да-дзеныя траўмы не адносяцца да катэгорыі цяжкіх». Такое заключэнне дактароў дазволіла кіраўніцтву хімзавода па факце няшчаснага выпадку на вытворчасці скласці акт «аб невытворчым няшчасным выпадку». Заўважым, што каб траўмы былі прызнаныя цяжкімі, то з абставінамі іх атрымання разбіралася б не кіраўніцтва завода, а іншыя кампетэнтныя органы.

На хімзаводзе ў акце напісалі, што траўму апаратчык атрымаў «з прычыны хваравітага стану».

Падставай для такога заключэння (вынесенага лячэбна-прафілактычным участкам) паслужыў той факт, што Аляксандр Клімаў раней звяртаўся ў кардыялагічны дыспансер з высокім ціскам. Лячэбны ўчастак робіць выснову, што чалавек мог страціць прытомнасць з-за ціску, а не атручвання газам.

«Я ў тым кардыялагічным дыспансеры нават на ўліку не стаяў! Як можна тады рабіць выснову, што я мог страціць прытомнасць ад ціску? Тым больш, мая праца на хімзаводзе была звязана з асаблівымі ўмовамі працы, я штогод праходзіў медыцынскае абследаванне. Калі б у мяне было нейкае парушэнне здароўя, то мяне не павінны былі б дапускаць да працы! А мяне яшчэ абвінавацілі, што, маўляў, я схаваў сваё захворванне!» — расхвалявана кажа Клімаў.

Ён атрымаў інваліднасць 3 групы, а роднае прадпрыемства адмовілася ўзяць яго на працу ну хоць вахцёрам, хоць кім. «Звяртаўся я наконт працаўладкавання ў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а там кажуць: вы ж працавалі на хімзаводзе 30 гадоў, туды і звяртайцеся. Мяне спісалі проста, выкінулі на вуліцу», — з горыччу кажа мужчына.

Ён ваяваў супраць «акта аб невытворчай траўме» на ўсіх узроўнях.

Летам 2013 года Дэпартамент інспекцыі аховы працы нарэшце вынес пастанову, што акт, складзены аб невытворчай траўме, не мае сілы. Дэпартамент даў даручэнне хімзаводу правесці новае расследаванне выпадку. ААТ «Гомельскі хімічны завод» паслухаўся Дэпартамент аховы працы і склаў новы акт. Але там ізноў напісаў: «траўма — невытворчая».

Цяпер у судзе Навабеліцкага раёна Гомеля пачаліся слуханні па скарзе Аляксандра Клімава. Адказчыкам выступае Гомельская абласная туберкулёзная бальніца — «людзі ў белых халатах», якія прызналі, што траўма — няцяжкая. Прадстаўляе інтарэсы заяўніка прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

«Стратэгічнай мэтай мы паставілі прызнаць выпадак, які адбыўся, вытворчай траўмай, што дазволіць Клімаву атрымліваць штомесяц страхавыя выплаты», — пракаментаваў Судаленка.

«Ужо прайшло адно пасяджэнне, бальніца не жадае прызнаваць цяжкую ступень траўмы. Мы будзем дамагацца правядзення судова-медыцынскай экспертызы, бо траўма, а менавіта разрыў улоннага сучлянення тазасцёгнавай косткі, а гэты дыягназ паставіла нават абласное ўпраўленне аховы здароўя, дае падставы аднесці траўму да цяжкай», — дадае прававы інспектар.

Калі Клімаў дакажа ў судзе, што траўма цяжкая, тады і будзе акт формы Н-1 аб няшчасным выпадку на вытворчасці.

«Мала хто змагаецца за сваю працу так настойліва, як Клімаў», — падкрэсліў Леанід Судаленка.

Аляксандр Клімаў спадзяецца недзе ўсе-такі знайсці справядлівасць у гэтым свеце, у гэтай краіне, у гэтым судзе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?