Вечар ішоў так, як мае быць. Ззяла рознакаляровымі ліхтарыкамі ялінка, дымілася і парыла газавая пліта, мітусіліся людзі — блізкія і далёкія родзічы, што завіталі на свята. Талеркі ледзь маглі змясціцца на стале, а шум не змаўкаў ні на хвіліну. Плавіліся свечкі, іскрыліся бенгальскія агні, лятала і акупавала падлогу канфеці, грымелі за вокнамі петарды. Дзеці і дарослыя чакалі прыходу Святога Міколы. Першыя — каб атрымаць падарункі, другія — каб нарэшце пакласці малых спаць і пачаць «святкаваць». Таму, калі ў дзверы нарэшце пагрукалі, шуму дадалося: адны ўздыхалі з палёгкай, другія верашчалі ад нецярплівасці.

— Добры вечар! — весела закрычаў на ўсю хату наняты Мікола. — Сядайце бліжэй да каміна і замаўляйце хутчэй, пра што хочаце пачуць казку…

Казка хутка скончылася, бо на большае бацькі грошай не давалі, і малых пагналі на другі паверх спаць.

Кастусь быў старэйшым (цэлых дзесяць год, гэта вам не жартачкі), таму нават меў свой асобны пакой, і калі маці зайшла да яго, каб пацалаваць на ноч, расчаравана адвярнуўся і прабурчаў:

— Што вы мне гэтага мужыка падсоўваеце, я ж ужо дарослы і ведаю, што ён — несапраўдны!.. Хоць бы пакінулі мяне з сабой святкаваць, а то як з малым, далібог!..

Жанчына ціха пасміхнулася, пагладзіла яго па галаве і, ужо выходзячы з пакоя, кінула:

— У наступным годзе, дзядзьКаСтусь, я абяцаю!

«Дзядзькам» яго клікалі таму, што яму вельмі падабалася кніга «Трое ў Прастаквашыне», да таго ж, меў акуляры і быў надзвычай сур’ёзны для сваіх гадоў.

А яшчэ Стусь любіў астраномію. Калі ён глядзеў на зоркі ў тэлескоп (падораны летась на народзіны), яму рабілася лягчэй. Напрыклад, ад таго, што ў навуцы няма глупстваў і недарэчных казак, якія мармыча ў бараду трыццацігадовы «Святы Мікола».

Кастусь стаў да тэлескопа, пачаў падкручваць колца. Сёння марозна, таму ясна, і зоры рассыпаліся як канфеці па падлозе: працягні руку — не тое што дакранешся, а і схопіш, і ў далоні сціснеш.

— Сузор’е Льва, Дзевы… Камета?!

Ліхаманкава круціцца колца. Хутчэй, хутчэй… Кастусь прыляпіўся да акуляра і, не адрываючыся, сачыў. Прайшло ў атмасферу, успыхнула і нясецца да зямлі. Проста на іх дом!..

Такі ўпала ў лесе, за кіламетр адсюль. Кастусь прыслухаўся да гоману ўнізе: тэлевізар раве, талеркі грымяць, дзядзька Пятро рагоча, як заўжды… Не пачуюць.

Кастусь уключыў татаў дыктафон, які той даў яму для запісу назіранняў:

— 22.03. У нашым раёне заўважаная камета. Упала ў лесе. Аб’ект трэба забраць ужо сёння, нельга, каб яго забраў хтосьці іншы. Падысці да адзення трэба сур’ёзна (вось бачыце, і тут сур’ёзна), паколькі ісці прый-дзецца праз поле і за вокнамі… — дзядзьКаСтусь зірнуў на тэрмометр, — 28 градусаў ніжэй за нуль па Цэльсію. Цёплыя шкарпэткі — 2 пары, штаны з падкладкай — адны, швэдры — 2 штукі, майка — адна, каб швэдар не калоўся, шапка з завязкамі, шалік, куртка, боты.

Выключыў дыктафон, паклаў у заплечнік, дзе ўжо ляжала невялікая рыдлёўка, ануча і пакет. Нікім не заўважаны, Стусік выйшаў з дома.

* * *

Прайшло паўгадзіны. Кась стаміўся ад скокаў па гурбах і прыхіліўся да дрэва. Толькі цяпер, нарэшце спыніўшыся, ён адчуў, як наступае, з жаданнем «жыўцом браць», на яго сэрца страх. Лес стаяў нерухома, неяк надта карцінна і надта ціха. Ані гуку. І раптам зусім блізка прагучалі крокі. Нібыта хтосьці раней пачуў Каська, спыніўся, услухаўся, а цяпер рушыў. Сюды.

Сэрца было гатовае выскачыць з грудзей. Кастусь у думках развітаўся з мамай, з татам, з домам, з братамі і сёстрамі і нават з улюбёным тэлескопам, як з-за елкі вызірнула вока. Проста вока, само па сабе. Боўталася ў паветры і бессаромна аглядала Стуся. А потым вакол гэтага вока паступова матэрыялізавалася ўсё астатняе. Перад Кастусём намалявалася дзіўнае стварэнне, чымсьці падобнае да чалавека, але ўсё ж не чалавек. «Аўстралапітэк без валасоў», — падумаў начытаны Дзядзь.

Стварэнне, не міргаючы, пераступіла з нагі на нагу і выдала нейкія незразумелыя гукі.

— Ты хто? — запытаў, крыху асмялеўшы, Кась.

«Аўстралапітэк» быў невялічкага росту і, здавалася, быў аднагодкам хлопцу. Ён патузаў нейкі апарат, што абвіваў яго шыю, выдаў яшчэ некалькі незразумелых стогнаў і раптам выразна сказаў:

— Мяне завуць Локі. Раса Туулі, планета Кескус, галактыка Глух. А ты?

Кась стаяў аслупянеўшы. Іншапланецянін? Тут? У іх маленькай вёсачцы?

— Я Кастусь. Раса Чалавек, планета…

— Я ведаю, што ты чалавек, — перарваў яго Локі. — Гэта адзіная раса на планеце Зямля. Вы яшчэ слабаразвітыя, таму большасць рас баіцца прылятаць сюды, вас лічаць дзікунамі. Ты не будзеш мяне есці?

— Ты што! Гэта я думаў ад цябе ратавацца! — здзівіўся ДзядзьКастусь.

— Не, — усміхнуўся туулі, — мы ямо толькі раслінную ежу. Мы веганы.

— А што вы тут робіце? — зусім падхрабрыўся Стусь.

— Мы ляцелі на Каляды да родзічаў у суседнюю з вамі галактыку, але глайдар заіскрыў, і мы згубілі кантроль. Упалі. Вось, тата цяпер рамантуе.

— На Каляды?! — Кась зусім разгубіўся. — У вас таксама ёсць Каляды? І ялінка? І Святы Мікола прыносіць падарункі?

Локі ківаў на кожнае пытанне і на апошнім тузануў апарат:

— Ах, Мікола… У нас ёсць хеліптэроід* Сар’ян Бурунжук. У кожнай планеты ёсць свой. А вы яшчэ, кажу ж, не развіліся… Ваш Мікола — няўдалая копія. Бо хеліптэроід — гэта звер. У яго два твары, няма рота і тулава, ё рог, вялікае крыло, малое крыло, шчупальца, якое пераходзіць у львіную лапу з кіпцюрамі. З гэтага шчупальца растуць капыткі. На твары два насы і чатыры розныя вокі, у лбе зорка. А яшчэ барада. Ён вельмі вялікі і сумны, бо ў свята забірае сум з усяго сусвету і дорыць нам тое, пра што мы марылі больш за ўсё… Ваш Мікола зусім да яго не падобны.

Узнікла паўза. Кась спрабаваў уявіць сабе хеліптэроіда.

— А вас, малых, таксама адпраўляюць спаць, каб дарослыя маглі спакойна і бессаромна піць гарэлку? — зморшчыўся Дзядзька.

Туулі зноў дакрануўся да апарата.

— Гарэлка?.. — перапытаў ён. — Я не ведаю, што гэта… У нас такога няма.

— А я не ведаю, што гэта, — паказаў Стусь на апарацік Локі.

— Гэта разумны перакладчык, сам распазнае мову і тлумачыць незнаёмыя словы і уласныя імёны. Плюс ён трансфармуе маю гаворку ў тую, якую чуеш ты. А аналага «гарэлкі» ў нас няма…

— А гарэлка — гэта алкагольны напой, — патлумачыў хлопчык. — Ён робіць людзей ці то вясёлымі, ці то дурнымі. Але мне гэта не падабаецца.

— У нас не п’юць нічога, што б рабіла нас вясёлымі і легкадумнымі, — адказаў Локі. — Нам гэта не трэба, бо ў нас ёсць сапраўдны хеліптэроід.

Абодва змоўклі.

— Можа, ты хочаш убачыць. яго? — запытаў туулі. — Пае-дзеш з намі? А як будзем вяртацца, закінем цябе дамоў.

— Канечне, — узрадаваўся Дзядзька. — Я не спадзяваўся, што ты запросіш!..

— Толькі трэба папярэдзіць тваіх бацькоў, каб не хваляваліся.

— Не трэба, — сумна вымавіў Кась. — Пакуль у іх ё гарэлка — яны і не заўважаць. Вы мяне толькі да раніцы вярніце.

— Не пытанне! — усміхнуўся Локі.

* * *

Зранку Кастусь валокся дадому, ледзь варушачы стомленымі пасля танцаў нагамі. Заплечнік, набіты падарункамі, цягнуў да зямлі, у галаве гудзела ад песень і ўбачаных шматлікіх твараў-пыс.

Але было хораша. Бо гэтае свята было сапраўдным.

У сваёй спальні Стусь хуценька распрануўся, распіхаў падарункі па таемных кутах і толькі паспеў легчы і пачаць дыхаць роўна, як да яго зайшла мама.

— Касік, з Раством цябе!

— І цябе, матулечка.

— Сынок, ведаеш, мне так сорамна стала, што ўчора запіхнулі цябе спаць… У наступным годзе ты абавязкова будзеш святкаваць з намі!

Кастусь сціснуў у руцэ каменьчык, які Локі падарыў яму як запрашэнне на наступны год.

— Не, я лепш буду спаць. Свет маіх сноў мне больш падабаецца, — і ўсміхнуўся.

***

Юлія Мароз нар. у 1994 у Карэлічах. Студэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэта. Піша з 9-гадовага веку.

* Хеліптэроід пазычаны Касі Глухоўскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0