Многія буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі закрываюцца на навагоднія канікулы. Аб гэтым БелаПАН паведаміў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Так, паводле яго слоў, на канікулы закрываецца завод «Ударнік» холдынга «Амкадор». «МАЗ таксама спыняе свае асноўныя вытворчасці, за выключэннем аўтобуснай», — сказаў кіраўнік прафсаюза.

«Я дакладна ведаю, што многія прадпрыемствы з 1 па 7 студзеня не працуюць, сярод якіх і «Інтэграл», — паведаміў Фядыніч. Паводле яго звестак, некаторыя прадпрыемствы ў лістападзе і снежні працавалі па суботах і таксама арганізуюць працяглыя канікулы.

Паводле звестак БелаПАН, да 13 студзеня на канікулы закрываецца і ААТ «БАТЭ». На «МАЗе» каментаваць інфармацыю аб канікулах не сталі, заявіўшы толькі, што «завод працуе згодна з графікам». Атрымаць інфармацыю на МТЗ не ўдалося.

У сваю чаргу, у прэс-службе Мінпрама паведамілі, што не валодаюць зводнай інфармацыяй аб канікулах на прамысловых прадпрыемствах.

На думку Фядыніча, прычынамі спынення з'яўляюцца не толькі тэхналагічная неабходнасць, але і эканамічныя складнікі. «У многіх прадпрыемстваў перагружаны склады, няма валютнай выручкі, мала абаротных сродкаў, таму што няма экспарту. І такіх прадпрыемстваў, напэўна, большасць. Калі б прадукцыя рэнтабельна прадавалася, то, як звычайна, яны б пайшлі на святы 31 снежня і выйшлі з першых дзён студзеня. Сёння беларуская прадукцыя неканкурэнтаздольная на знешніх рынках, а гэта адбіваецца на стане беларускай эканомікі ў цэлым», — лічыць Фядыніч.

«Калі ў прадпрыемстваў не вельмі добрыя справы з рэалізацыяй — закрываюць асноўныя вытворчасці, і працуе толькі служба маркетынгу. Хаця з кім ім таксама працаваць, калі Расія на канікулах з 1 па 8 студзеня. Большасць беларускіх прадпрыемстваў арыентаваная на расійскі рынак, а не на Захад», — падкрэсліў Фядыніч.

Як паведамлялася, па стане на 1 снежня 2013 года на складах прамысловых прадпрыемстваў Беларусі сабралася гатовай прадукцыі на 29 трлн. 533,3 млрд. рублёў. Аб'ём нерэалізаванай прадукцыі склаў 74,3% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, павялічыўшыся за лістапад на 1,2 працэнтнага пункта (для параўнання: на 1 снежня 2012 года гэты паказчык складаў 59,7%). Да мая гэтага года назіраўся рост складскіх запасаў, потым нязначнае зніжэнне, а ў кастрычніку і лістападзе зноў адзначаны рост.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?