25 снежня Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы нечакана прызначыў кіраўніком БПЦ мітрапаліта Разанскага Паўла — не беларуса і які ніколі не жыў у Беларусі.

З гледзішча беларускіх законаў, легітымным кіраўніком БПЦ мітрапаліт Павел можа стаць толькі пасля таго, як атрымае беларускае грамадзянства. Такое палажэнне прадугледжана Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», артыкул 13: «Кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Магчыма, Аляксандр Лукашэнка чакае з віншаваннем да выканання гэтай фармальнасці. Каб падкрэсліць новаму прадстаяцелю, хто ў хаце гаспадар.

Патрыярх Кірыл сваім рашэннем паставіў у Мінск чужога чалавека. Гэтым ён падкрэсліў залежны статус Беларускай праваслаўнай царквы.

Гэта таксама выяўляе недавер Масквы да беларусаў, якія, баяцца ў РПЦ, хочуць зрабіць Беларускую праваслаўную царкву самакіраванай і больш беларускай, якой стала ўжо Украінская.

Гэта таксама выклік Аляксандру Лукашэнку, які сцвярджае, што ў саюзе з Расіяй Беларусь мае незалежнасць.

Прызначэнне Паўла выклікала пратэст і расчараванне ва ўлонні беларускага праваслаўя, анітрохі не менш старажытнага, чым маскоўскае.

Святы Сінод пастанавіў задаволіць прашэнне, пададзенае мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, аб адстаўцы ў сувязі з дасягненнем 75- гадовага ўзросту. Мітрапаліт Філарэт, як вядома, цяжка хварэў на дыябет. Прашэнне ён падаў яшчэ тры гады таму, і вось толькі цяпер патрыярх Кірыл прыняў рашэнне.

Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) таксама не быў беларусам і таксама да прызначэння ніколі не працаваў у Беларусі.

Многія япіскапы і святары праваслаўнай царквы спадзяваліся, што новым кіраўніком царквы стане гэтым разам беларус. Называліся імёны архіепіскапа Віцебскага, епіскапа Навагрудскага або, прынамсі, архіерэяў-беларусаў, што служаць у Расіі.

І Украінскай, і Польскай, і іншымі праваслаўнымі цэрквамі кіруюць мясцовыя людзі.

Мітрапаліт Павел выступаў з заявамі імперска-нацыяналістычнага толку. У прыватнасці, ён заявіў, што Расія можа шантажаваць свет ядзернай і бактрыялагічнай зброяй і здольная «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць сваіх праціўнікаў.

У адзін дзень з абвяшчэннем аб прызначэнні мітр. Паўла стала вядома пра выдзяленне Беларусі расійскага крэдыту на 2 мільярды даляраў без асаблівых умоваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?