Аляксандр Лукашэнка накіраваў зварот мітрапаліту Філарэту, ганароваму патрыяршаму экзарху ўсёй Беларусі са словамі павагі і ўдзячнасці.

«Усё Ваша жыццё з'яўляецца сведчаннем адданасці аднойчы і назаўсёды абранаму шляху — служэнню Богу і людзям, пропаведзі вечных каштоўнасцяў веры, любові, міласэрнасці, — гаворыцца ў звароце. — Трыццаць пяць гадоў Вы ўзначальвалі Беларускую праваслаўную царкву. Для Вас гэта былі цяжкія і цікавыя гады, напоўненыя нястомнай працай і малітвай. Менавіта Вы стаялі ля вытокаў адраджэння праваслаўя ў Беларусі. Пад Вашым архіпастырскім кіраўніцтвам ствараліся сотні праваслаўных прыходаў, будаваліся новыя цэрквы і рэстаўраваліся гістарычныя святыні, адкрываліся духоўныя семінарыі і нядзельныя школы. Асаблівую ўвагу Вы надавалі выхаванню традыцый хрысціянскай маральнасці, захаванню духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа».

«Сёння праваслаўная царква з'яўляецца самай масавай і аўтарытэтнай рэлігійнай арганізацыяй нашай краіны. Несумненная заслуга ў такім паспяховым і плённым яе развіцці належыць Вам, першаму ў гісторыі экзарху Беларускай праваслаўнай царквы.

Вы сталі для многіх пакаленняў святароў і вернікаў унікальным прыкладам адданасці сваёй справе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка зазначыў, што з цеплынёй і любоўю ўспамінае сустрэчы і размовы з мітрапалітам Філарэтам. «Для мяне Вы былі і застаяцеся мудрым настаўнікам, добрым сябрам і дарадцам. І я зноў і зноў гатовы захапляцца Вашым аптымізмам, жыццялюбствам і цудоўным пачуццём гумару», — гаворыцца ў звароце.

«Беларускія грамадзяне адзінадушныя ў прызнанні Вашых заслуг і шчыра ўдзячныя за ўсё зробленае для нашага народа. Упэўнены, што Вы і надалей будзеце садзейнічаць умацаванню спакою і сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве, абуджэнню ў сэрцах дабра і чалавекалюбства», — зазначыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?