Беларусь сустрэне праваслаўныя Каляды без моцных маразоў і снегу, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

Паводле яе слоў, 2013 год завяршыўся анамальна цёплым надвор'ем — сярэднесутачная тэмпература паветра на 5-10 градусаў перавысіла кліматычную норму, характэрную для гэтага часу года. Студзень падхапіў гэту сумнеўную эстафету.

Паводле яе слоў, у бліжэйшыя дні (3-5 студзеня) з паўднёвых шырот на тэрыторыю краіны пачне паступаць вільготная і не па-зімоваму цёплая паветраная маса. У многіх раёнах прагназуюцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу.

У суботу і нядзелю дзённы тэмпературны рэжым на большай частцы тэрыторыі Беларусі пяройдзе на станоўчыя значэнні — ад 0 да плюс 5 градусаў, у нядзелю па паўднёвым захадзе месцамі чакаецца да 7 градусаў цяпла.

У пачатку наступнага тыдня (напярэдадні і на праваслаўныя Каляды) рэзкіх змяненняў у характары атмасферных працэсаў не адбудзецца.

Глыбокі і магутны атлантычны цыклон, які атабарыцца паблізу паўночнага ўзбярэжжа Брытанскіх выспаў, пачне выносіць цяпло з Атлантыкі, Пірэнэйскага паўвострава і даставіць яго на тэрыторыю Беларусі.

«У выніку снежны кілім у большасці рэгіёнаў так і не ўсталюецца, ападкі будуць у асноўным у выглядзе дажджу.

Таму пра санкі і лыжы на калядныя святы беларусам прыйдзецца забыцца, — дадала Людміла Парашчук. — Пры гэтым тэмпературны фон істотна не зменіцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?