Фота Ройтэрз.
Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню з сакавіка 2012 года зноў пачаў прыкметна зніжацца, сведчаць звесткі снежаньскага нацыянальнага апытання беларусаў, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва).
Калі ў чэрвені 2012 года за Лукашэнку гатовыя былі галасаваць 29,7% рэспандэнтаў, у снежні — 31,5%, у сакавіку 2013 года — 33,4%, у чэрвені — 37,3%, у верасні — 42,6%, то ў снежні 2013 года — толькі 34,8%. Гэты рэйтынг пацвярджаецца і адказам на закрытае пытанне, згодна з якім за Лукашэнку гатовыя галасаваць 32,6%.
Упершыню ў 2013 годзе колькасць тых, хто не давярае Лукашэнку, значна перавысіла колькасць тых, хто давярае, — 47,5% супраць 37,7% (у сакавіку было 43,2 і 43,4%, у чэрвені — 40,6 і 48,9%, у верасні — 36,7 і 46,7%).
Ацэньваючы заяву Лукашэнкі пра тое, што «паскораная мадэрнізацыя прадпрыемстваў у 2013 годзе — залог умацавання беларускай дзяржаўнасці і росту дабрабыту народа», 59% сказалі, што «большая частка плана па мадэрнізацыі прадпрыемстваў у 2013 годзе фактычна правалена» (супрацьлеглага пункта гледжання прытрымліваюцца 25,4%).
З выказваннем Лукашэнкі: «Калі вы будзеце бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, вы самі прыведзяце да таго, што аслабіце сваю нацыянальную валюту», — не пагадзіліся 61,3% (пагадзіліся 34,7%).
Да яго прапановы «браць пошліну ў 100 долараў з кожнага грамадзяніна Беларусі, які выязджае за мяжу», адмоўна паставіліся 64,7% (станоўча — 14,1%).
З заявай Лукашэнкі пра тое, што ў будаўніцтва Палаца Незалежнасці ў Мінску нібыта не ўкладзена «ніводнага бюджэтнага рубля», не пагадзіліся 60% (пагадзіліся 21,9%).
Ініцыятыву ўвесці падатак на беспрацоўных і дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ўхвалілі 22,5%, не ўхвалілі — 60,5%.
Ацэньваючы «палітычную стратэгію кіраўніцтва краіны на чале з Лукашэнкам», 36% адказалі: «як магчыма доўга заставацца ва ўладзе і кантраляваць сітуацыю ў краіне», 25,3% — «падтрымліваць грамадскі парадак і палітычную стабільнасць», 22,6% — «дамагацца паступовага паляпшэння якасці жыцця грамадзян». Пры гэтым 22,5% мяркуюць, што «ніякай стратэгіі няма».
Упершыню са снежня 2011 года колькасць апытаных, якія лічаць, што пасля сыходу Лукашэнкі з пасады прэзідэнта жыццё ў Беларусі палепшыцца, перавысіла колькасць тых, хто прытрымліваецца супрацьлеглай думкі: 25,2% супраць 21,5% (у снежні 2012 года было 24,5% супраць 25,9%).
НІСЭПД таксама паведамляе, што назіраецца значнае зніжэнне ўзроўню даверу насельніцтва практычна да ўсіх інстытутаў дзяржаўнай улады: калі ў верасні арміі давяралі 52,8%, судам — 40,8%, дзяржаўным СМІ — 38,1%, КДБ — 37,2%, пракуратуры — 37,8%, ураду — 35%, міліцыі — 37,4%, ФПБ — 34,1%, Нацыянальнаму сходу — 33,1%, мясцовым выканаўчым камітэтам — 30,5%, то ў снежні — 44,1, 34,9, 31,6, 33,9, 34,5, 29,4, 34,9, 30, 31,5 і 28,6% адпаведна. Калі ў верасні 39,1% меркавалі, што ў цяперашнім эканамічным крызісе вінаваты ўрад, а 17,2% — парламент, то сёння так думаюць 42 і 19,6% рэспандэнтаў.
Пры гэтым НІСЭПД зазначае, што апытанне праводзілася да выдзялення двухмільярднага крэдыту, падпісання газавага кантракта на 2014 год і іншых прэферэнцый, дадзеных нядаўна Беларусі Расіяй. Хутчэй за ўсё, «залатаўшы дзіркі» ў бюджэце з іх дапамогай, беларускім уладам на нейкі час зноў удасца стабілізаваць сітуацыю, зазначаецца ў прэс-рэлізе