Падчас навагодніх святаў у Мінскай вобласці ў выніку выкарыстання піратэхнікі пацярпелі тры чалавекі.
Як паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама,
днём 31 снежня ў афтальмалагічнае аддзяленне Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы з пранікальным раненнем правага вока быў дастаўлены 11-гадовы вучань 5-га класа, жыхар гарадскога пасёлка Старобін. На гадзіну раней
яны разам з 12-гадовым сябрам кінулі запаленую петарду ў шкляную бутэльку, і ў выніку выбуху асколак трапіў хлопчыку проста ў вока.
Каля 19.00 таго ж дня ў Маладзечне два браты 7 і 11 гадоў, вучні 1-га і 4-га класаў, гуляліся з піратэхнікай на школьным стадыёне.
Старэйшы запаліў «рымскую свечку» і неасцярожна скіраваў яе ў бок малодшага. Вогненны шарык трапіў першакласніку ў твар.
Хлопчык быў дастаўлены ў бальніцу з тэрмічнымі апёкамі павека і рагавіцы.
Адразу пасля надыходу навагодняй ночы на вуліцы Кастрычніцкай у Салігорску 49-гадовы мясцовы жыхар, рабочы ААТ «Беларуськалій», падпаліў кнот феерверка. Ракета трапіла яму ў твар. Мужчына з апёкамі абодвух вачэй быў дастаўлены ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу.