«Беларускія ўлады ў 2014 годзе прадоўжылі змяненне падатковага заканадаўства задняй датай», — канстатаваў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. Такім чынам ён пракаментаваў тую акалічнасць, што найважнейшыя папраўкі ў Падатковы кодэкс і іншыя нарматыўныя акты па пытаннях падаткаабкладання, а таксама закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год былі афіцыйна апублікаваныя толькі 2 студзеня, а ўступілі ў сілу на дзень раней.

«Найважнейшыя падатковыя законы ўведзены ў сілу задняй датай. Прэзідэнт падпісаў гэтыя законы 31 снежня і тым самым фактычна парушыў уласную дырэктыву № 4, якая патрабуе загадзя паведамляць суб'ектам гаспадарання пра змены заканадаўства і публікаваць такія змены не пазней, чым за тры месяцы да ўступлення іх у сілу», — адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, нават беглы аналіз актаў паказвае, што яны ўносяць досыць сур'ёзныя змены ва ўмовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання: «Гаворка ідзе пра змены парадку выплаты падатку на прыбытак, змяненне ставак патэнтавай пошліны, змянення парадку дэкларавання ПДВ і, вядома ж, увядзенне «транспартных пабораў» — пошліны за допуск да ўдзелу ў руху транспартных сродкаў», — нагадаў кіраўнік АМІСП.

Ён падкрэсліў, што гэтыя і іншыя змены патрабуюць сур'ёзнага вывучэння з боку кіраўнікоў і галоўных бухгалтараў суб'ектаў гаспадарання. «Аднак дзяржава ў чарговы раз не прадаставіла ім такой магчымасці і па сумнай традыцыі змяніла падатковае заканадаўства задняй датай, - канстатаваў эксперт. - Не будзем наракаць чыноўнікам на тое, што яны ў чарговы раз не сталі ўзгадняць падатковыя змены з шырокімі коламі дзелавой супольнасці. Але элементарная ветлівасць прадугледжвае магчымасць бізнэсу загадзя азнаёміцца з правіламі гульні і выпрацаваць сваю стратэгію».

«Без такой элементарнай умовы казаць аб цывілізаваных умовах для бізнэсу ў краіне не даводзіцца», — заявіў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?