З палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам у гарадзенскай турме пабачылася ягоная жонка Алена. «Спатканьне доўжылася 2 гадзіны, гаварылі праз тэлефон, бачыліся праз шкло», — паведаміла Алена Аўтуховіч.

Пра стан мужа яна сказала, што «Мікалай трымаецца, засталося 3 месяцы, ён здолее». Калі карэспандэнт спытаў пра ўмовы ў камэры, нармальна там ці холадна, Алена Аўтуховіч адказала гэтак.

«Яго правакуюць. Бывала вельмі цяжка, як ён казаў. Але засталося тры месяцы, неяк пратрымаемся».

Раней маці Аўтуховіча Лідзія Юльянаўна паведамляла, што яшчэ ў сярэдзіне сьнежня адправіла поштай сыну мэдычную бандэроль, але ў апошнім лісьце дамоў Мікалай напісаў, што не атрымаў бандэролі. Ці прыйшла яна на момант сустрэчы з жонкай? Алена Аўтуховіч кажа, што бандэролі яе муж гэтак і не атрымаў. Як не атрымаў і капэртаў, таму ня змог павіншаваць сяброў з Новым годам, за што выбачаецца.

Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч вельмі непакоіцца, што яе сын застаўся без лекаў.

«Яму патрэбныя гэтыя лекі, а іх не аддаюць. Гэтак я перажываю! Я ж старалася, каб хутчэй дайшла тая бандэроль. Як атрымала ад яго ліст, што можна дасылаць, ў той жа дзень усё купіла ды назаўтра адправіла. А ён дагэтуль, ужо новы год, не атрымаў гэтых лекаў!»

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў 2 месяцы нібыта за захоўваньне патронаў. Сам Аўтуховіч мяркуе, што яго пакаралі за барацьбу з мясцовымі карупцыянэрамі. Палітвязьня ўтрымліваюць у крытай гарадзенскай турме як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?