Пракуратурай Мінскай вобласці па матэрыялах распачата крымінальная справа ў дачыненні да старшыні Гарадзейскага пасялковага выканаўчага камітэта Нясвіжскага раёна. 

Як паведаміў старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Мінскай вобласці Аляксандр Ганчар, чыноўнік з'яўляецца падазроным ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады асобай, якая займае адказнае становішча). 

Чыноўнік падазраецца ў тым, што, працуючы старшынёй пасялковага выканаўчага камітэта, займаючы адказнае становішча, у перыяд з кастрычніка 2010 года па май 2011 года наўмысна ўчыніў дзеянні, якія яўна выходзілі за межы дадзеных яму па службе правоў і паўнамоцтваў, а менавіта парушыў дзейнае заканадаўства аб зямлі.

Ведаючы, што зямельныя ўчасткі, выдзеленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, раздзелу не падлягаюць, ён распачаў незаконныя дзеянні, скіраваныя на раздзел зямельнага ўчастка, атрыманага ў спадчыну грамадзянінам З. пасля смерці сваёй маці для наступнага будаўніцтва на ім жылога дома грамадзянінам Л. 

Кіраўнік мясцовага органа дзяржаўнай улады і кіравання, увёўшы ў зман членаў выканкама, арганізаваў прыняцце незаконнага рашэння аб даванні іншаму грамадзяніну ў пажыццёвае спадчыннае валоданне часткі зямельнага ўчастка, які фактычна належаў З., чым былі парушаныя яго канстытуцыйныя правы. 

Крымінальная справа накіраваная для расследавання ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0