Вярхоўны суд Беларусі сёньня разгледзеў скаргу незарэгістраванага моладзевай арганізацыі «Малады фронт» да ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму. Нагадаем, што сёлета гарадзкія чыноўнікі ўжо двойчы адмаўлялі «маладафронтаўцам» у рэгістрацыі. Адмовы прыходзілі з прычыны таго, што «арганізацыя заклікае да гвалтоўнай зьмены ўлады ў краіне, прапагандуе вайну, міжнацыянальную і расавую варожасьць».

У сярэдзіне жніўня першую скаргу «МФ» разглядаў Менскі гарадзкі суд . Судзьдзя Салаўёва прызнала падставы для адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі цалкам абгрунтаванымі.

На гэтым «маладафронтаўцы» не спыніліся, дайшоўшы да Вярхоўнага суду. Калегія Вярхоўнага суду пад старшынствам судзьдзі Самалюка сёньня заслухала тлумачэньні «маладафронтаўцаў» Насту Лойка, Кірылы Шымановіча і Барыса Гарэцкага. З словам выступілі прадстаўнікі грамадзкасьці — праваабаронцы Алена Танкачова, Вольга Смалянка і Юры Чавусаў. Пракуратуру прадстаўляў спадар Заноўскі.

Пасьля таго, як былі заслуханыя абодва бакі, быў абвешчаны 15‑хвілінны перапынак. У выніку Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?