Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна ў эфіры праграмы «У цэнтры ўвагі» вечарам 5 студзеня на тэлеканале «Беларусь 1» расказала пра новаўвядзенні ў гэтай сферы.

Паводле слоў Шчоткінай, 25 студзеня набывае моц новая рэдакцыя закона пра ахову працы. «Там ёсць вельмі цікавыя моманты і, першым чынам, тое што ўводзіцца паняцце паслугі ў сферы аховы працы. Гэта значыць зараз арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць пры пэўных умовах аказваць такія паслугі», — расказала міністр.

Ужо ўхваленыя Саветам Рэспублікі змяненні ў Працоўны кодэкс. Гэта, як адзначыла Шчоткіна, таксама азначае «новую вяху» ў развіцці працоўных адносін. «Новы раздзел кодэкса рэгулюе працоўныя адносіны ў прафесійным спорце. З'явіцца магчымасць для прадпрымальнікаў заключаць тэрміновыя працоўныя дагаворы са сваімі работнікамі, незалежна ад таго, што гэта за праца. Мы і кожны чалавек зацікаўленыя ў тым, каб працоўныя адносіны былі аформлены, таму што гэта гарантыя», — заявіла міністр.

«Па сацыяльнай абароне ў нас пастаянна развіваюцца яе новыя формы. Закон аб сацыяльным абслугоўванні, які прынялі летась, адпрацоўвае тое, што ў ім прапісана, — гэта паслугі кароткачасовай перадышкі, паслугі сумеснага пражывання — новыя нестацыянарныя формы. Яны ставяць задачы даступнасці сацыяльнага абслугоўвання, яго якасці і адраснасці», — указала Шчоткіна.

Што датычыцца тэмы стварэння «фільтраў супраць утрыманства», яна паведаміла, што за дзевяць месяцаў 2013 года было выплачана амаль 280 мільярдаў рублёў больш як 160 тысячам чалавек. «Разам з тым, камісіі, якія прымаюць рашэнне аб прызначэнні адраснай дапамогі, маюць вельмі багатую практыку працы. І па іх прапанове ўнесены змяненні ў заканадаўства — гэта ўказ прэзідэнта № 550. Правы камісій пашыраныя. Калі людзі звяртаюцца паўторна па адрасную сацыяльную дапамогу, то камісія павінна паглядзець, ці выкананы дадзеныя ёю раней рэкамендацыі. Гаворка ідзе, у першую чаргу, аб працаздольных грамадзянах», — расказала міністр.

Паводле яе слоў, калі чалавек не пайшоў вучыцца новай прафесіі, калі не працаўладкаваўся, нягледзячы на прапанаванае месца, то камісія мае поўнае права пры паўторным звароце адмовіць у адраснай сацыяльнай дапамозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?