Аляксандар Мілінкевіч

Такую заяву зрабіў лідэр Руху «За свабоду», камэнтуючы продаж дзяржаўнага пакету акцый замежнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» (гандлёвая марка Velcom) кампаніі Telekom Austria.

«Сёньня ў Беларусі разгортваецца працэс бескантрольнай прыватызацыі. Дзеля таго, каб заткнуць дзіркі ў бюджэце, выкліканыя правалам дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, з малатка пускаюцца найбольш прывабныя актывы нашай дзяржавы», – мяркуе экс‑кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

Палітык зьвяртае ўвагу на тое, што беларускае грамадзтва зь вялікай занепакоенасьцю «назірае за фактамі непразрыстага і нікім не кантраляванага продажу дзяржаўных прадпрыемстваў і пакетаў акцыяў».

«Продаж дзяржаўнага пакету акцыяў УП «Мабільная лічбавая сувязь» (Velcom) адбываўся за зачыненымі дзьвярыма і нанёс шкоду бюджэту нашай краіны ў памеры да 400 мільёнаў даляраў. Гэтых сродкаў хапіла б на не адну аўтамагістраль альбо на некалькі сучасных паліклінік. Тым не менш, рэжым пайшоў на абсалютна непразрыстую схему продажу маёмасьці беларускага народу без спробаў нават імітацыі адкрытага тэндэру».

«Такая прыватызацыя вядзе да прамых стратаў для бюджэту, а значыць для кожнага грамадзяніна Беларусі. Робіцца відавочнай няздольнасьць сёньняшніх уладаў эфектыўна распараджацца дзяржаўнай уласнасьцю і выкарыстоўваць яе ў інтарэсах усёй краіны, а не асобных уладных груповак», – падкрэсьліў Аляксандар Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0