+ ЛАСКАЙ БОЖАЙ
+ АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ — НОВАГА РЫМУ
+ І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ
+ УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ
ЛАСКА, МІЛАСЦЬ І МІР АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў ВІФЛЕЕМЕ
Любыя браты й сёстры, дзеці ў Госпадзе,
«Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам»
(Іс. 9:5)
Прарок, прадведаўшы за многія вякі, з натхненнем і радасцю абвяшчаў нараджэнне дзіцяткі Ісуса ад Вечнадзевы. Не дзіва, што ў час прызначанага Кесарам Аўгустам перапісу ў заездзе не знайшлося месца для Святой Дзевы, якая мела ва ўлонні ад Духа Святога, таму заручаны з ёй і ейны апякун Іосіф мусіў адвесці яе ў пячору, да ясляў хатняй жывёлы, каб «нарадзіла Дзіця».
Неба і зямля віталі іх, узносячы падзяку Творцу:
Ангелы — спевам,
нябёсы — зоркай,
магі — дарамі,
пастухі — цудам,
зямля — пячорай,
пустыня — яслямі,
мы ж — Маці-Дзевай.
Пастухі пасвілі свой статак і былі для яго «начной вартай», а Ангелы, у захапленні спяваючы, сведчылі пра Таямніцу. (З вячэрні Раства).
Слодыч святой ночы Раства зноў ахінае сусвет. У гушчы стомы і болю, у бясконцых крызісах, сярод пакутаў і варажнечы, клопатаў і расчараванняў, яна паказвае таямніцу Учалавечання Бога Слова надзвычай рэальнай і надчаснай: бо праліўся Ён, бы дождж на руно, ва ўлонне Вечнадзевы Марыі, дзеля ўзвышэння справядлівасці і багацця супакою (гл. Псалом 71:7).
У цішы і супакоі святой ночы Раства Ісус Хрыстос, беспачатны, нябачны, неспасціжны, бесцялесны, заўжды і нязменна існы, уваходзіць у цялеснасць, непрыкметнасць, простасць, убогасць, невядомасць, у драму гісторыі. У той жа час, Ён уваходзіць як «Ангел вялікай рады, цудоўны Дарадца, […] Уладар, Князь супакою, Бацька будучага веку» (Іс. 9:6). І сапраўды, Ён прыходзіць як чалавек, народжаны ад Маці-Дзевы, каб рассячы суплёт беззаконняў ды праз ласку і міласць даць выйсце з жыццёвай безвыходнасці, а таксама належны, годны, змястоўны ды ўзорны лад жыцця й прыклад у жыццёвых перэпетыях.
Госпад цалкам успрыняў чалавечую прыроду і асвяціў яе. Спрадвечны Бог зыйшоў, каб дзеля нас стаць зародкам, які насіла ва ўлонні Багародзіца. Гэтым Ён уганараваў чалавечае жыццё ад яго пачатковага моманту, ды навучыў нас з павагай ставіцца да чалавека ад самага яго зачацця. Творца ўсяго пагадзіўся нарадзіцца як Немаўля ад Дзевы і быць узгадаваным Ёй. Такім жа чынам, Ён уганараваў і дзявоцтва ды мацярынства, духоўнае й фізічнае. Таму святы Рыгор Багаслоў заклікае: «Жанчыны, будзьце як дзевы, каб стаць мацярамі Хрыста» (Казань 38, На Богаяўленне, стар. 36, 313А).
Таксама Госпад усталяваў саюз мужчыны і жанчыны ў дабраславёнай сям’і. Інстытут хрысціянскай сям’і ўтварае ячэйку жыцця і інкубатар душэўнага ды цялеснага здароўя й развіцця дзяцей. І таму шматстайная падтрымка інстытута сям’і ёсць абавязкам Царквы, як і адказнасцю кіраўніцтва кожнага народа.
Каб дзіця ўзрастала здаровым і ладным, патрэбная сям’я, дзе муж і жонка жывуць у згодзе, як адно цела, адна плоць, адна душа, саступаючы адно адному.
Мы пэўныя, што ўсе духоўныя ды царкоўныя лідары, як пільныя пастыры, а таксама і кіраўнікі нашага свету, ведаюць і прымаюць боскую праўду і рэчаіснасць, якую мы зноў абвяшчаем з Усясветнага Патрыярхату ў пару Раства. Усе мы павінны падтрымліваць стварэнне і жыццё нармальных сем’яў, дзе могуць расці духоўна здаровыя і шчаслівыя члены грамадства, што маюць пачуццё бяспекі — з боку моцнага бацькі-абаронцы і маці, што гадуе і любіць дзіця. Такіх сем’яў, дзе Бог можа прытуліць галаву. Мы запрашаем і заклікаем усю супольнасць нашай Святой Праваслаўнай Царквы жыць такім чынам, каб быць годнымі свайго звання і рабіць усё магчымае для падтрымкі інстытута сям’і.
Браты і сёстры, «ноч мінула, а дзень наблізіўся» (Рым. 13:12). Пастухі ўжо вырушылі ў Віфлеем, абвесціць пра цуд, і яны запрашаюць і нас ісці за імі, як і «споўненыя радасці валхвы, кіраваныя зоркай» (Трапар Раства, 4 песня), несучы Яму «годныя дары»:
золата выпрабаванае як Цару вякоў,
ладан як Богу ўсіх,
смірну — Несмяротнаму,
які тры дні ляжаў мёртвы
(Вечаровы гімн Раства, Анатолеў).
Іншымі словамі — дары любові, і нашай веры, і выпрабаваньня нас як хрысціян, асабліва як праваслаўных, у ладзе жыцця і традыцыі — як сямейнай, так і Айцоў і Царквы, — якая заўжды верна практыкавалася цягам стагоддзяў ды й да сёння змацоўвае нашае блаславёнае грамадства, ячэйкай пабожнага жыцця і развіцця якога з’яўляецца, мы паўтараем ізноў, сям’я.
Браты, сёстры й дзеці,
2013 год мінула ад Нараджэння Хрыста па плоці,
2013 год — а Хрыстос, як і тады, не перастае цярпець пераслед у абліччы слабога - ад Ірада і ўсіх кшталтаў сучасных Ірадаў
2013 год — а Ісус церпіць пераслед ў абліччы хрысіцян Сірыі і не толькі іх,
2013 год — а Хрыстос дагэтуль уцякае ад іх, як бежанец, і не толькі ў Егіпет, але таксама ў Ліван, Еўропу, Амерыку ды іншыя месцы, шукаючы бяспекі ў небяспецы свету,
2013 год — а Дзіцятка Ісус застаецца зняволеным разам з двума сірыйскімі іерархамі - Паўлам ды Янам, а таксама з праваслаўнымі манахамі і манахінямі, і многімі іншымі вядомымі і невядомымі хрысціянамі,
2013 год — а Хрыстос укрыжоўваецца разам з тымі, хто церпіць катаванні і гвалтоўную смерць, абы толькі не здрадзіць сваёй веры ў Яго,
2013 год — а Ісус штодзённа асуджаецца на смерць у абліччы тысячаў эмбрыёнаў, чые бацькі не дазваляюць ім нарадзіцца,
2013 год — а з Хрыста здзекуюцца і кпяць у абліччы няшчасных дзяцей, якія жывуць у бязладных сям’ях, у патрэбе і галечы.
Менавіта ў гэтыя чалавечыя боль, няшчасце і пакуты прыйшоў Госпад і зноў прыходзіць прыняць іх на сябе ў час Раства. Ён сказаў: «тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, вы Мне зрабілі» (Мц. 25:40-41) Менавіта для іх Ён нарадзіўся ад Дзевы, дзеля іх Ён стаў чалавекам, дзеля іх пакутаваў, быў укрыжаваны і ўваскрос. Гэта значыць, дзеля нас усіх. Таму няхай кожны з нас возьме свой уласны крыж, каб здабыць ласку і міласць на своечасовую дапамогу, каб быў «з намі Бог», народжаны Эмануіл, Збаўца і Госпад. Амін.
Раство Хрыстова 2013
+Варфаламей Канстанцінопальскі
Ваш гарачы хадайнік перад Богам