Дзьмітры Ходас

Віктар Маркавец

Алесь Разанаў

На судовым паседжаньні прадстаўнік кампаніі МТС Дзьмітры Ходас паведаміў пра тое, што ягоны бок разглядае варыянт мірнага вырашэньня спрэчкі з аўтарамі «яйкаквадратаў».

Аднак адвакатка Віктара Маркаўца і Алеся Разанава Надзея Буднік лічыць, што распаўсюджаная некаторымі СМІ інфармацыя пра магчымае замірэньне не адпавядае рэчаіснасьці. Паводле яе інфармацыі пытаньне пра магчымасьць кампраміснага вырашэньня спрэчкі ўзьнімаецца адказчыкам ад жніўня мінулага году. «Гаворка пра замірэньне ня мае ніякай канкрэтыкі, яна вельмі абстрактная, і гэта пры тым, што кампанія мела гэтулькі часу, каб штосьці сапраўды вырашыць», — патлумачыла спн. Буднік.

Чарговае судовае паседжаньне адбудзецца 10 кастрычніка а 14‑й гадзіне.

Нагадаем, што паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркавец настойваюць на тым, што апэратар мабільнай сувязі СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» выкарыстаў у якасьці брэнду кампаніі створаны імі супольна графічны вобраз — «яйкаквадрат». Паэт і мастак ня маюць да кампаніі матэрыяльных прэтэнзіяў і патрабуюць прызнаць факт выкарыстаньня створанага імі супольна ў 1992 г. графічнага вобразу. Новы брэнд кампаніі МТС зьявіўся ў траўні 2006 г. Распрацавала яго брытанская брэндынгавая агенцыя Wolff Olins.

Сустрэчы бакоў, што папярэднічалі судоваму працэсу, не прынесьлі плёну — прадстаўнік МТС адмаўляўся ад міравой. Пазоў Маркаўца і Разанава трапіў на разгляд у судовую калегію па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0