Імпарт сыравіны дазволены толькі з Расеі.

Ад 17 сакавіка ў Беларусі дзейнічае ініцыяваная Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчу забарона імпарту мяса. Рэзыдэнты СЭЗ, што спэцыялізуюцца на перапрацоўцы мяса, вымушаны ад сакавіка набываць толькі айчынную сыравіну. У пачатку мінулага месяцу яны сутыкнуліся з дэфіцытам сьвініны, што адгукнулася на аб’ёмах вытворчасьці, паведамляе эканамічны тыднёвік «Белорусы и рынок». У прыватнасьці берасьцейскае прадпрыемства «Інка-Фуд», якое толькі пачало прыстасоўвацца да новых умоваў дзейнасьці, у жніўні скараціла вытворчасьць амаль у тры разы супраць заплянаванага, а прадпрыемства «Інка» вымушана прыпыніла дзейнасьць. Падобныя праблемы назіраюцца ў СЭЗ Горадні і Віцебску.

Паводле экспэртаў, дэфіцыт сьвініны выкліканы выгаднымі ўмовамі ў суседняй Расеі, дзе назіраецца рэзкі рост попыту і закупачных коштаў. У такой сытуацыі забесьпячэньне сыравінай прыватных прадпрыемстваў падаецца непрыярытэтным, лічаць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчу. У той жа час забарону імпарту таксама не зьбіраюцца скасоўваць. Кампэнсаваць дэфіцыт некаторых кампанэнтаў сыравіны прапануецца за кошт расейскага рынку, аднак мяса набываць па‑ранейшаму дазволена толькі ў Беларусі. Каб пазьбегнуць праблемаў з сыравінай, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Савельеў параіў вытворцам павялічваць мясны складнік у вытворчасьці прадукцыі, падвышаючы тым самым і яго якасьць.

Экспэрты ў сваю чаргу лічаць частковы дазвол на імпарт пэўных кампанэнтаў сыравіны для мясаперапрацоўчай вытворчасьці з Расеі нявыгаднымі. Дазвол імпарту з краінаў ЭС на іх думку больш выгадны — з заходнімі партнэрамі даўно наладжаныя сувязі, набываць сыравіну ў іх таньней і надзейней.

сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0