Холдынг «Амкадор» заснаваў у Азербайджане ТАА «Амкадор-Баку».
Як паведамляе прэс-служба «Амкадора», ТАА створана сумесна з азербайджанскім партнёрам з мэтай прасоўвання тэхнікі холдынга ў гэтым рэгіёне, аказання паслуг па яе гарантыйным і сэрвісным абслугоўванні, рэалізацыі запасных частак.
«Машыны маркі «Амкадор» карыстаюцца попытам у гэтай аграрна-індустрыяльнай краіне з эканомікай, якая дынамічна развіваецца», — зазначае прэс-служба. Пры гэтым яна нагадвае, што прадпрыемства нядаўна перамагло ў тэндары на пастаўку 88 экскаватараў-пагрузчыкаў ААТ меліярацыі і воднай гаспадаркі Азербайджана. Спажыўцам рэгіёну таксама добра вядомыя франтальныя і ўніверсальныя пагрузчыкі вытворчасці «Амкадора», пагрузчыкі з тэлескапічнай стралой, машыны на базе трактароў МТЗ і пагрузчыкі з бартавым паваротам, паведамляе прэс-служба.
Адна з галоўных задач новай дыстрыб'ютарскай кампаніі — знаёмства азербайджанскага спажыўца з усім спектрам спецыяльнай тэхнікі холдынга, які налічвае сёння больш як 90 мадэляў і мадыфікацый машын.