З затрыманым салдатам 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Узброеных сіл, выхадцам Мазыра 1992 нараджэння Аляксандрам Сушчыкам у Чэрвеньскім РАУС працуюць следчыя і прадстаўнікі вайсковай часткі. Высвятляюцца матывы і абставіны, па якіх малады чалавек ноччу 3 студзеня пакінуў размяшчэнне вайсковай часткі. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінскага аблвыканкама Аляксандр Данільчанка.

Паводле яго інфармацыі, Сушчык быў затрыманы ў Чэрвеньскім раёне пасля 15 гадзін 8 студзеня пасля здзяйснення крадзяжу адзення і прадуктаў харчавання ў доме ў вёсцы Скрабінка.

Сляды ўзлому выявіў гаспадар, які выклікаў міліцыю. Ён і два ўчастковыя інспектары на машынах пераследавалі чалавека, які хаваўся ў лесе, і затрымалі яго. Затрыманым аказаўся салдат, які пакінуў вайсковую частку.

Ён быў без зброі. Пры затрыманні супраціву не аказваў, не выяўляў ніякай агрэсіі.

Пасля затрымання маладога чалавека даставілі ў Чэрвеньскі РАУС.

Нагадаем, Сушчык знік з вайсковай часткі ў Мар'інай Горцы 3 студзеня, і дагэтуль пра яго нічога не было вядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0