Галоўнае ўпраўленне страхавога нагляду Міністэрства фінансаў са снежня 2013 года ажыццяўляе аператыўны нагляд за вынікамі дзейнасці страхавых арганізацый ААСТ «Бі энд Бі іншурэнс Ко» і ААСТ «МЕГА ПОЛІС».

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мінфіна, такое рашэнне было прынята па выніках праверак названых страхавых арганізацый, у ходзе якіх былі зафіксаваны неаднаразовыя парушэнні патрабаванняў страхавога заканадаўства, што выразілася ў незабеспячэнні грашовымі сродкамі мінімальнага памеру статутнага фонду, неналежным фарміраванні і забеспячэнні грашовымі сродкамі страхавых рэзерваў і іх інвеставанні.

Па даручэнні рэгулятара страхавымі кампаніямі «Бі энд Бі іншурэнс Ко» і «МЕГА ПОЛІС» распрацаваны планы мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць устараненне парушэнняў страхавой, фінансава-гаспадарчай дзейнасці і прывядзенне яе да красавіка 2014 года ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства.

Як адзначылі ў Мінфіне, цяпер ажыццяўляецца штомесячны кантроль выканання страхоўшчыкамі запланаваных мерапрыемстваў. У выпадку іх невыканання да названых страхавых арганізацый будуць прыменены адпаведныя меры адказнасці, якія прадугледжваюць прыпыненне дзеяння ліцэнзіі на ажыццяўленне страхавой дзейнасці.

«Фінансавая ўстойлівасць страхавых арганізацый і гарантыі выканання імі прынятых абавязацельстваў, выкананне інтарэсаў застрахаваных асоб і надалей будуць знаходзіцца пад пільнай увагай Міністэрства фінансаў. Практыка інфармавання аб дзейнасці страхавых арганізацый, якія парушаюць заканадаўства, і рашэннях рэгулятара наконт іх будзе працягнута», — падкрэслілі ў Мінфіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?