Еўрарадыё

Беларусь на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне-2014», што пройдзе з 6 па 10 мая ў Даніі, будзе прадстаўляць выканаўца Тэа (Юрый Вашчук) з песняй Cheesecake.

Гэта стала вядома па выніках галасавання гледачоў і журы пасля беларускага фіналу адбору на конкурс, што прайшоў вечарам 10 студзеня ў Мінску. У фінале ўдзельнічалі 14 канкурсантаў.

Гледачы прагаласавалі за Лорэнса і ДзіДзюлю, журы — пераважна за Тэа (Юрыя Вашчука), апроч Ланской і Раінчыка.

У выніку сумавання галасоў гледачоў і журы Лорэнс і ДзіДзюля і Тэа набралі аднолькавую колькасць балаў (па 20). Але журы ў выніку аддало перавагу Тэа.

Юрый Вашчук нарадзіўся ў 1983 г. у Мінску. Музыкай займаецца з 4 гадоў, пачынаў з баяна, быў лаўрэатам конкурсу «Пралескі», удзельнічаў у тэлепраекце «Зорная ростань».

У 2000 годзе быў запрошаны на працу ў Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам М. Фінберга. У 2008 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў.

Працуе з многімі беларускімі і замежнымі выканаўцамі як аранжыроўшчык і кампазітар. Напісаў музыку да двух расійскіх фільмаў.

Юрый (Юрась) Вашчук разам з Аксанай Вечар вядзе на Беларусь-3 праграму «Наперад у мінулае», дзе аўтары ездзяць па беларускіх рэгіёнах і запісваюць беларускі фальклор.

«Творчая група адпраўляецца ў беларускую глыбінку, дзе яшчэ захавалася спрадвечная песенная спадчына, у кампаніі з адным з сучасных артыстаў. Носьбіты аўтэнтычнай культуры — бабулі ў вёсках выконваюць некалькі песень, выбіраецца адна. На яе ствараецца арыгінальная сучасная аранжыроўка ў творчай манеры артыста з выкарыстаннем арыгінальных галасоў. Паралельна ідзе аповяд аб дадзенай мясцовасці — пра народную песенную творчасці, абрады, народныя промыслы. Фіналам праграмы становіцца новая версія народнай песні ў выкананні сучасных артыстаў». Праграма ідзе ў нядзелі у 13:00.

Адна з праграм «Наперад у мінулае»

Беларусь удзельнічае ў Еўрабачанні з 2004 года, у фінал праходзіла тройчы (2007, 2010, 2013).

Першымі прадстаўнікамі краіны стаў дуэт «Alaksandra & Kanstancin», які выканаў песню «My Galileo». Краіна выступала ў паўфінале набрала 10 балаў і заняла 19 месца.

Самае высокае месца – 6-е ў 2007 г. (Хельсінкі, удзельнік Дзмітрый Калдун). Найгоршы выступ — 22-е месца ў 2006 (Афіны, Паліна Смолава, 22-е месца ў паўфінале).

2004 – «Аляксандра і Канстанцін» (паўфінал, 19-е месца, 10 балаў)
2005 – Анжаліка Агурбаш (паўфінал, 13-е месца, 57 балаў)
2006 – Паліна Смолава (паўфінал, 22-е месца, 10 балаў)
2007 – Дзмітрый Калдун (фінал, 6-е месца, 145 балаў)
2008 – Руслан Аляхно (паўфінал, 17-е месца, 27 балаў)
2009 – Пётр Ялфімаў (паўфінал, 13-е месца, 25 балаў)
2010 – праект 3+2 (фінал, 24-е месца, 18 балаў)
2011 – Анастасія Віннікава (паўфінал, 14-е месца, 45 балаў)
2012 – Litesound (паўфінал, 16-е месца, 35 балаў)
2013 – Алёна Ланская (фінал, 16-е месца, 48 балаў)

 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?