Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларусі 27-га склікання пройдзе з 12 студзеня па 10 лютага ўключна.

Аб гэтым паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі ёсць тры спосабы вылучэння. Першы — ад палітычных партый. «Прычым структурныя падраздзяленні партый могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ў адпаведныя Саветы: абласная арганізацыя - у абласны, раённая - у раённы, гарадская - у гарадскі. Гэта найбольш просты і найменш працаёмкі спосаб», - сказаў Мікалай Лазавік.

Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты могуць таксама працоўныя калектывы, да якіх прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні. Як растлумачыў сакратар ЦВК, для таго каб вылучыць свайго кандыдата ў абласны, Мінскі гарадскі Савет, у працоўным калектыве павінна быць не менш як 150 работнікаў. Для таго каб прапанаваць прэтэндэнта на месца ў раённы, гарадскі (гарадоў абласнога падпарадкавання) Савет, калектыў павінен налічваць не менш як 75 чалавек. Пры вылучэнні кандыдатаў у Саветы пярвічнага ўзроўню неабходна, каб у працоўным калектыве налічвалася не менш як 20 работнікаў. «Прычым працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата ў Савет адпаведнага ўзроўню. Прадпрыемства або арганізацыя павінна знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі або раёна», - дадаў Мікалай Лазавік.

Трэці, самы працаёмкі спосаб вылучэння, - збор подпісаў. Законам устаноўлены патрабаванні, што тым, хто прэтэндуе на месца ў Мінскім гарадскім і абласным Савеце трэба сабраць не менш як 150 подпісаў выбаршчыкаў, у раённым, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання), - не менш як 75, а ў Савет пярвічнага ўзроўню - не менш як 20. Перш чым збіраць подпісы, трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу, парадак гэтай працэдуры дакладна прапісаны ў заканадаўстве.

Выбары пройдуць 23 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?