На гэтым тыдні ў большасці раёнаў Беларусі ўстановіцца зімовы характар надвор'я, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 13 студзеня ў ходзе відэабрыфінгу.

«У ходзе гэтай зімы адбыўся карэнны пералом. Паўднёвыя, паўднёва-заходнія ветры змяніліся паўночнымі, паўночна-заходнімі, і паветраная маса стала паступаць ужо больш халодная.

Паўсюдна прайшоў снег, мокры снег і ўстанавілася снежнае покрыва вышынёй 1—7 см», — адзначыў сіноптык.

У аўторак умовы надвор'я будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Атмасферны ціск будзе расці. Ноччу месцамі невялікі снег, днём без істотных ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 2—8°С, пры праясненнях мінус 9—12°С, днём 0°С — мінус 6°С.

У сераду праз тэрыторыю Украіны чакаецца перамяшчэнне цыклона, а Беларусь апынецца на яго паўночнай перыферыі, таму на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег, мокры снег, па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей магчымы мокры снег ў дажджом, месцамі галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. У многіх рэгіёнах краіны павялічыцца вышыня снежнага покрыва. Тэмпература паветра ноччу ад мінус 1°С па паўднёвым захадзе да мінус 13°С па паўночным усходзе, днём мінус 2—7°С, у паўднёвых раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей каля 0°С.

У чацвер ноччу яшчэ на большай частцы тэрыторыі, днём толькі ў асобных раёнах пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак мінус 2—8°С, ноччу па поўначы пры праясненнях мінус 9—12°С.

«У пятніцу і ў суботу рост атмасфернага ціску ўзмоцніць уплыў халоднага антыцыклона, які асталяваўся на поўначы Скандынаўскага паўвострава. Пад яго абаронай на большай частцы Беларусі ападкаў не чакаецца, а вось маразы ўзмоцняцца», — паведаміў Рабаў.

Ноччу прагназуецца мінус 8—14°С, пры праясненнях мінус 15—18°С, днём мінус 5—11°С. У паўднёва-заходніх раёнах, дзе чакаецца шмат аблокаў, установіцца «слабамарознае надвор'е»: на працягу сутак ад 0°С да мінус 5°С, на асобных участках дарог галалёдзіца.

«У нядзелю з Заходняй Еўропы паспрабуе прабіцца на ўсход атмасферны фронт і пераважна па паўднёва-заходняй палове Беларусі чакаецца снег», — сказаў Рабаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 6—12°С, па паўночным усходзе мінус 13—16°С, днём мінус 4—10°С, у паўднёва-заходніх раёнах на працягу сутак у асноўным 0°С — мінус 5°С. «Непрыемнай з'явай чакаецца парывісты ўсходні, паўднёва-ўсходні вецер, які ўнясе дыскамфорт у надвор'е і месцамі ў паўднёва-заходніх рэгіёнах закруцяць мяцеліцы», — паведаміў сіноптык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?