Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына рэкамендуе арганізаваць трэнінгі для членаў выбарчых камісій Мінска.
Такое пажаданне яна выказала сёння на нарадзе ў Мінгарвыканкаме па пытаннях арганізацыі і правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання.
«Гэта вельмі карысна, калі ва ўмовах мадэльнай дзелавой гульні старшыні і сябры выбарчых камісій вучацца, як трэба працаваць у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам», — мяркуе Лідзія Ярмошына.
Пераважна ўвага на трэнінгах будзе нададзена правільнасці арганізацыі падліку галасоў выбаршчыкаў і афармлення пратаколаў аб выніках выбараў.
«Мы мяркуем, што гэта самая эфектыўная форма навучання. На мінулых мясцовых выбарах такія трэнінгі не праводзіліся, — сказала Лідзія Ярмошына. — Праграму трэнінгаў распрацавалі ў ЦВК Беларусі. Яна, дарэчы, выклікала цікавасць у Грузіі і Малдове».