Кацярыне Шкор 23 гады. Яна займаецца піярам ды арганізацыяй канферэнцый і семінараў. Кацярына стала донарам касцявога мозгу для 16-гадовага хлопчыка з ракам крыві. Што штурхае на такія сур’ёзныя ўчынкі?

«Наша Ніва: Як Ваш касцявы мозг прыжыўся ў арганізме хлопчыка?

Кацярына Шкор: Вынік будзе вядомы пазней. Ёсць два асноўныя паказчыкі: лейкацыты і колькасць зноў утвораных клетак касцявога мозгу. Лейкацыты «скакалі», а вось клеткі ў Мікіты памнажаюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Тэндэнцыя станоўчая.

«НН»: Як праходзіць здача касцявога мозгу?

КШ: Аперацыю рабілі пад агульным наркозам. З паяснічнай вобласці двума шпрыцамі «выцягнулі» неабходную колькасць касцявога мозгу і ўжывілі хлопчыку. Для мяне было проста: заснула і прачнулася.

«НН»: Страшна не было?

КШ: Са мной размаўлялі дактары, тлумачылі ўсё — таму страху не было. Я разумела, што гэта добрая справа. Нейкіх наступстваў пасля аперацыі, здаецца, няма. Дактары нават не далі апамятацца: хутка правялі аперацыю — у мяне не было часу хвалявацца.

«НН»: Да працы адразу вярнуліся, ці была нейкая адаптацыя?

КШ: Суткі я знаходзілася ў рэанімацыі. Але гэта не столькі праз неабходнасць, колькі для падстрахоўкі. Каб кантраляваць мае жыццёвыя паказчыкі. Пасля мяне выпісалі, дома была некалькі дзён. «Бальнічны» далі на сем дзён: дзень да аперацыі, астатняе — на аднаўленне.

«НН»: Гэта першы вопыт здачы касцявога мозгу?

КШ: Канечне. Увогуле, шанец супасці з чалавекам — адзін на шэсцьдзясят тысяч. Такая магчымасць здараецца раз у жыцці.

«НН»: Як на гэта рашыліся?

КШ: Я здавала кроў. Мне прапанавалі прайсці ДНК-тыпаванне і ўнесці сябе ў банк донараў. А праз нейкі час мне патэлефанавалі, запрасілі на размову з дактарамі. Аказалася, што я на 95% падыходжу для Мікіты. Я адразу пагадзілася стаць донарам касцявога мозгу.

«НН»: Як доўга займаецеся донарствам крыві?

КШ: У ВНУ нам прапанавалі здаць кроў у межах Дня донара. Але акурат у той дзень не трапіла, а паехала пасля — хутчэй нават з цікаўнасці. Пасля падышла асэнсавана, зразумела карысць ад гэтага — і раз-два на год здаю кроў.

«НН»: Ваш прыклад у сацыяльных сетках выклікаў шмат пазітыўных эмоцый. А ў рэальнасці нехта пераняў вопыт?

КШ: Як мінімум, мне адпісалася знаёмая, што прайшла ДНК-тыпаванне. Некалькі чалавек паведамілі, што ў іх ёсць намер гэта зрабіць. Спадзяюся, што і ў рэальным жыцці будуць наступствы гэтых размоў.

«НН»: Як Вашыя родныя ставяцца да такога ўчынку?

КШ: Мама спалохалася, а пасля сказала: «Пакуль для цябе гэта бяспечна, рабі гэтую Божую справу». Родныя падтрымалі, хаця, можа, ім і было страшна.

«НН»: Ці прыносіць донарства грошы?

КШ: Сказаць, што за гэта плацяць, нельга. Бо гэта будзе расцэнена як гандаль органамі. Выдзяляецца 30 базавых велічынь (каля 4 мільёнаў рублёў) для аднаўлення донара пасля здачы касцявога мозгу— на вітаміны, сокі.

Донараў не хапае

Па словах кіраўніка Цэнтра гематалогіі і перасадкі касцявога мозгу Анатоля Уса, у Беларусі ў сярэднім праводзіцца 200 перасадак касцявога мозгу і ствалавых клетак у год. Больш за палову — для дарослых. Для тых, у каго знаходзіцца донар сярод родных, перасадка праводзіцца гарантавана. У іншых выпадках не ўсё так хутка.

У Беларусі створаны Нацыянальны рэгістр донараў касцявога мозгу, у якім больш за 14 тысяч чалавек. Лічба павялічваецца, але яна не дастатковая. У Польшчы колькасць патэнцыйных донараў — 500 тысяч, у ЗША — каля 10 мільёнаў.

Па словах Уса, прынята лічыць колькасць трансплантацый на мільён чалавек насельніцтва. Калі ў Беларусі гэта 20, то ў Польшчы гэтая лічба большая ў 2,5 раза, Германіі, Францыі — у 7. У Расіі лічба у пяць разоў меншая за нашу, ва Украіне — у 15 разоў меншая.

Для беларусаў трансплантацыя бясплатная. Замежнікі, у тым ліку расіяне, плацяць. Калі гэта аўтатрансплантацыя (донарам з’яўляецца сам хворы) — гэта каля 30 тысяч еўра; калі донар сярод родных — да 80 тысяч еўра; калі донар не сярод родных — больш за 100 тысяч еўра. У Заходняй Еўропе аперацыя каштуе каля 250 тысяч еўра.

Каб трапіць у Нацыянальны рэгістр донараў, трэба прайсці ДНК-тыпаванне ў Рэспубліканскім цэнтры гематалогіі і перасадкі касцявога мозгу (на базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы — Мінск, вул. Сямашкі, 8) ці РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій (Мінск, Даўгінаўскі тракт, 160).

Цуда-клеткі

Касцявы мозг — гэта тканка, якая знаходзіцца ўнутры буйных касцей, утрымлівае ствалавыя клеткі, з якіх выпрацоўваюцца клеткі крыві. Калі праводзіцца хіміятэрапія, адбываецца пашкоджанне не толькі хворых клетак, але і здаровых. Пры паспяховай трансплантацыі, касцявы мозг прыжываецца і прадукуе нармальныя клеткі крыві. Гэта з’яўляецца адзіным спосабам лячэння шэрагу захворванняў, напрыклад, раку крыві. Праўда, гэта не ва ўсіх выпадках дапамагае — часам хвароба вяртаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?