Страта Каліноўскага. Кадр з фільма. На заднім плане — мінскі Верхні горад.

Страта Каліноўскага. Кадр з фільма. На заднім плане — мінскі Верхні горад.

Каліноўскага вязуць на страту. Здымалі на мінскай Казьмадзям’янаўскай вуліцы.

Каліноўскага вязуць на страту. Здымалі на мінскай Казьмадзям’янаўскай вуліцы.

Кінафестываль «Лістапад» сёлета быў адметны паказам першых беларускіх фільмаў, створаных у 1920-я. Усе стужкі гэтых бязгукавых фільмаў студыі «Белдзяржкіно» захоўваюцца ў Дзяржфільмафондзе Расійскай Федэрацыі — былым Дзяржфільмафондзе СССР. Развітвацца са сваімі зборамі кіраўніцтва архіва не збіраецца. Іх аргумент: «Мы гэта ўсё захавалі».

У Беларусі ж аўтэнтычных копій уласных першых стужак няма. Упершыню мы змаглі пабачыць фільмы са стужак дваццатых гадоў — з усімі іх шурпатасцямі, драпінамі, але і з жывым адчуваннем тае эпохі.

Што гэта за эпоха? Першае дзесяцігоддзе пераможнай савецкай улады з НЭПам, беларусізацыяй і індактрынацыяй радыкальнай версіі марксізму. Стужка «Кастусь Каліноўскі» ідэальна ілюструе гэты супярэчлівы палітыка-ідэалагічны мікст.

Стужка

Фільм «Кастусь Каліноўскі» зняў у 1927 рэжысёр Уладзімір Гардзін (1877—1965), які зрабіў сабе імя ў кінематографе яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Тое, што ў беларускі фільм быў запрошаны расійскі рэжысёр, зразумела — у Беларусі яшчэ не існавала кінематаграфічнай базы, фільмы здымалі ў Ленінградзе, у памяшканні былога тэатра «Крывое люстэрка» (канал Грыбаедава, 90/2). Беларуская кінастудыя, пазней названая «Савецкая Беларусь», працавала тут да 1939. Тут Гардзін зняў свайго «Каліноўскага». Нямая карціна з расійскамоўнымі тытрамі мела 7 частак, а здымкі адбываліся ў палацах пад Ленінградам.Стужка мае выразны ідэалагічны пасыл. Яе галоўны герой, правадыр сялянскага паўстання, супрацьстаіць як царскім карнікам, так і шляхецкім інсургентам. Непрыняцце Каліноўскім свайго былога атачэння пераносіцца і на былое каханне — у прысутнасці паўстанцаў-сялянаў Кастусь адмаўляецца пазнаць сваю сяброўку Ядзвігу Скірмунт.

Асобныя сцэны фільма вырашаны ў жанры баевіка — з перастрэлкамі і пагонямі, дзеі фільма адбываюцца на фоне прыгожай прыроды і ў атачэнні цікавай архітэктуры.

Гэта касцюміраваны фільм — не так ужо і багата часу прайшло ад звяржэння манархіі, і ўніформа царскай арміі была яшчэ добра вядомая мастакам і акцёрам.

Акцёрскае ядро фільма — гэта сузор’е расійскіх выканаўцаў. У ролі Каліноўскага выступіў Мікалай Сіманаў, панны Ядзвігі — Соф’я Магарыл, пана Сторжынскага — Барыс Ліванаў (бацька «Шэрлака Холмса» Васіля Ліванава). Ці не найлепш прапісаны ў фільме персанаж — Мураўёў-вешальнік у выкананні Кандрата Якаўлева, які меў фенаменальнае падабенства з віленскім генерал-губернатарам.

Нетрывіяльна вырашаны ў фільме эпізод з сабакамі. Вядомы сюжэт — карыкатуры на Мураўёва, дзе ён пададзены ў выглядзе сабакі. Аўтары фільма ўставілі ў стужку сцэну з апрананнем у шляхецкіх сядзібах сабак у мундзіры, якія нагадвалі мундзір генерал-губернатара.

Дзе здымалі Вільню?

У драматургіі фільма адны з самых значных месцаў — фінальныя сцэны смяротнага пакарання Каліноўскага. Паўстанцкі правадыр быў публічна павешаны ў сакавіку 1864 на Лукішскім пляцы ў Вільні. Да павешанняў Мураўёў меў паталагічную схільнасць: многім паўстанцам, асуджаным на высылку ці расстрэл, ён метадычна замяняў кару на павешанне. У тым ліку Каліноўскаму замяніў кулю на пятлю.

Але дзе можна было здымаць Вільню ў 1927-м? Пытанне не пустое. Сама Вільня знаходзілася па польскі бок мяжы, а класіцыстычныя прадмесці Пецярбурга стылёва не пасавалі. У самой БССР, на той момант, толькі тры вялікія месты маглі пасаваць «на ролю» Вільні — пагоркі Віцебска з багатай уніяцкай архітэктурай, гістарычны цэнтр губернскага Магілёва і Мінск.

Той, хто крыху знаёмы з тапаграфіяй Мінска, у сцэнах пакарання Каліноўскага адразу пазнае наш горад. І нават вызначыць месца, дзе стаяла шыбеніца, — Траецкую гару, на якой яшчэ не было Оперы.

З гэтага пагорка мы бачым Верхні горад з Петра-Паўлаўскім саборам, які будзе ўзарваны ў 1936-м, вежамі езуіцкага касцёла (каталіцкай катэдры), касцёла бернардынак (цяпер — кафедральны праваслаўны сабор).

На кару Каліноўскага вязуць з Пішчалаўскага замка — сённяшняй «Валадаркі» — па крывых вулках. Шляхта, якая паліць файкі на балконах, з пагардай адварочваецца ад воза, на якім у кайданах узвышаецца народны герой Кастусь. Габрэі мітусліва замыкаюць свае крамкі на першых паверхах тых жа будынкаў… У другой палове 1920-х гэтыя рэаліі ў Мінску яшчэ існавалі — былі крамкі, даўняя забудова, каваныя краты на гаўбцах, габрэі… Дэкарацыі не спатрэбіліся.

Не адразу, але досыць хутка, да мяне прыйшло разуменне, дзе ж везлі падчас здымак стужкі воз з Каліноўскім. Я ведаў гэтую вулку паводле ацалелых здымкаў, ведаў пра яе паваенны і нядаўні лёс, але не ўяўляў, што яе фільмавалі. Гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём.

Гутарка ідзе пра вуліцу Казьмы і Дзям’яна, ці Казьмадзям’янаўскую, якая ад цяперашняга Свята-Духавага праваслаўнага сабора спускалася да Нямігі і сканчалася каля Менскага замка.

Вуліца на крутым схіле была спланаваная з выразнымі закругленнямі — па крывой траекторыі вазам і карэтам было прасцей адолець пагорак. У фільме вулка, якая сапраўды магла б пасаваць да віленскай тапаграфіі, ажывае. Бачыць сцэны жывой спадчыны Менска было для мяне ці не найбольшым уражаннем ад фільма і ўсяго таго дня.

Вуліца Казьмадзям’янаўская

Казьмадзям’янаўская злучала Верхні горад і раён Замчышча. Назву вуліца атрымала ад праваслаўнага, а потым уніяцкага манастыра Св. Казьмы і Дзям’яна, што некалі знаходзіўся на пагорку, дзе ў 1633 новапрызначаным менскім ваяводаю Аляксандрам Слушкам будзе фундаваны кляштар бернардынак. Слушка перайшоў з кальвінства ў каталіцтва, фундацыя каталіцкага кляштара для яго мела сімвалічнае значэнне.

А манастыр Св. Казьмы і Дзям’яна быў вельмі значным у культурным жыцці Менска — пры ім дзейнічала школа для дзяцей шляхты і мяшчан. Але менскі архімандрыт Афанасій Пакоста вырашыў стварыць новы ўніяцкі рэлігійны цэнтр пры царкве Святога Духа, які б склаў канкурэнцыю праваслаўнаму цэнтру пры царкве Пятра і Паўла. Паступова вакол царквы Святога Духа ўзнік уплывовы ўніяцкі асяродак з мужчынскай і жаночай абіцелямі. Свята-Духаўскі комплекс узводзіўся на Высокім рынку, побач з манастыром Св. Казьмы і Дзям’яна, таму апошні і заняпаў. Але з тапанімікі Менска гэты манастыр не знік, даўшы назву вуліцы.

Манастыр Св. Казьмы і Дзям’яна некалі знаходзіўся на адным канцы вуліцы, а з іншага канца, на Ніжнім рынку, у пачатку XVIII ст. быў узведзены кляштар баніфратаў. Сама невялікая вуліца была шчыльна забудаваная двух- і трохпавярховымі дамамі з крамамі на першых паверхах. Адметныя мураваныя будынкі Казьмадзям’янаўскай мелі ўласныя назвы, напрыклад, Гіндзейская камяніца. З-за крамак, што шчыльна занялі ўвесь схіл, гэты квартал менчукі звалі Цёмныя крамы. Мураваная забудова вуліцы паўстала ў XVIII — першай палове XIX ст., але трасіроўка вуліцы адсылае нас да ранніх часоў, калі пасля вялікага пажару 1547 пачалося будаўніцтва новага гарадскога цэнтра на Верхнім горадзе.

Імя Скарыны

Казьмадзям’янаўская мае яшчэ адну адметнасць — гэта была першая вуліца Мінска, пераназваная ў гонар Францішка Скарыны. Адбылося тое ў 1926.

Але ўжо ў 1933, у выніку згортвання палітыкі беларусізацыі, ёй надалі імя камуністычнага пісьменніка Дзям’яна Беднага. Той ужо быў у няміласці, але для мінскіх уладаў, відаць, значэнне мела сугучнасць назваў — «Казьмадзям’янаўская» і «Дзям’яна Беднага». Трэба было ідэалагічна выверанай выцесніць рэлігійную назву.

Нягледзячы на пераназыванні, да пачатку Другой сусветнай свае гістарычнае аблічча Казьмадзям’янаўская вуліца захоўвала. Яна моцна пацярпела падчас нямецкіх бамбаванняў чэрвеня 1941, пра што сведчаць і здымкі таго часу. Дарэчы, яны добры дакументальны аргумент супраць пашыранага апошнім часам дзіўнага меркавання, што Мінск быў разбураны толькі ў выніку савецкіх бамбаванняў 1943—1944.

Пасля разбору паваенных завалаў на Казьмадзям’янаўскай засталіся тры цэлыя будынкі. Яны былі разбураныя ў 1989 падчас будаўніцтва станцыі метро «Няміга».

Сёння на месцы старажытнай вуліцы — хвалістыя сходы з сістэмаю пляцовак. Мо праекціроўшчыкі спрабавалі стварыць асацыяцыі са старой забудоваю? Што ж, месца пазначана. Магчыма, гарадскія ўлады калі-небудзь вернуцца да ідэі аднаўлення адной з найпрыгажэйшых вулак даўняга Менска.

Для нас жа сюжэты з постаццю Каліноўскага, савецкім кінафільмам і старажытнай вуліцай павучальныя — усё ў гісторыі звязана, і той, хто спрабуе выкінуць з яе нейкую частку, рызыкуе абваліць увесь дом. Але, прынамсі, наша памяць з гэтым не пагодзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?