Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня падпісаў дэкрэт № 1 «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку», у адпаведнасці з якім дзяржава атрымлівае выключнае права на ажыццяўленне аптовага гандлю насеннем маку.

Рэалізацыя гэтага права будзе ажыццяўляцца юрыдычнымі асобамі, вызначанымі Саветам міністраў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Дэкрэт падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй прэзідэнта і дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі і прадугледжвае комплекс мер, скіраваных на спыненне некантраляванага ўвозу ў Беларусь насення маку і яго распаўсюджвання.

У прыватнасці дакументам забараняецца рознічны гандаль насеннем маку ў магазінах плошчай менш як 50 кв. м (за выключэннем гандлёвых аб'ектаў арганізацый спажывецкай кааперацыі, магазінаў іншых арганізацый, размешчаных у сельскай мясцовасці), на рынках, у гандлёвых аўтаматах, шляхам ажыццяўлення разноснага гандлю і гандлю па ўзорах. Пры гэтым насенне маку для продажу павінна быць расфасаванае ў спецыяльную ўпакоўку масай не больш як 200 грамаў.

Забараняецца таксама захоўванне і перамяшчэнне юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі насення маку з парушэннем умоў, вызначаных дэкрэтам. За парушэнні ўстаноўленага парадку абароту насення маку пры яго перамяшчэнні, захоўванні і рэалізацыі ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць з ужываннем штрафаў і канфіскацыі.

Так, за захоўванне і перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі фізічнай асобай больш як 2 кг насення маку, не расфасаванага ў спецыяльную ўпакоўку, прадугледжаны штраф да 70 базавых велічынь з канфіскацыяй насення, якое перавышае дапушчальныя аб'ёмы, а таксама транспартных сродкаў, выкарыстаных для іх перамяшчэння.

Перамяшчэнне па тэрыторыі краіны індывідуальным прадпрымальнікам ці юрыдычнай асобай насення маку без заключэння дагавора куплі-продажу ці пастаўкі з упаўнаважанай арганізацыяй прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу да 250 (для індывідуальнага прадпрымальніка) ці 300 (для юрыдычнай асобы) базавых велічынь з канфіскацыяй насення маку і транспартных сродкаў, выкарыстаных для іх перамяшчэння.

Складаць пратаколы пра адпаведныя правапарушэнні будуць службовыя асобы органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Разгляд спраў аб гэтых адміністрацыйных правапарушэннях аднесены да кампетэнцыі судоў.

Такія меры ўводзяцца ў дзеянне 1 лютага 2014 года. Да гэтага часу ўраду даручана вызначыць пералік арганізацый, упаўнаважаных на ажыццяўленне аптовага гандлю насеннем маку, а таксама парадак ажыццяўлення такога гандлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?