Следчым камітэтам Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка старшыні Гомельскага раённага выканаўчага камітэта, былога дырэктара ААТ «Гомельскі райаграсэрвіс» і намесніка дырэктара СТАА «Белсельгаспрам».

Устаноўлена, што службовыя асобы, дзейнічаючы ўзгоднена, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, распараджаліся маёмасцю дзяржаўнага прадпрыемства ААТ «Гомельскі райаграсэрвіс», адчужаючы яго розным суб'ектам гаспадарання.

Следствам атрыманыя доказы ўсіх акалічнасцяў здзяйснення гэтага злачынства. Схема яго заключалася ў тым, што маёмасць «Гомельскага райаграсэрвіса» незаконна адчужалася, перадавалася іншым юрыдычным асобам пад выглядам неграшовага ўкладу ў статутны фонд камерцыйнай арганізацыі СТАА «Белсельгаспрам». Гэтая юрыдычная асоба прыватнай формы ўласнасці была створана спецыяльна для атрымання даходу ад махінацый, якія праводзіліся службовымі асобамі.

Дзяржмаёмасць адчужалася шляхам фальсіфікацый рашэнняў агульнага сходу акцыянераў і назіральнага савета і перадавалася новым уласнікам без правядзення аўкцыёну. Так, з фондаў дзяржаўнага прадпрыемства выдаваліся беспрацэнтныя пазыкі розным суб'ектам гаспадарання, набываліся аўтамабілі і іншая маёмасць.

Напрыклад, за кошт ААТ «Гомельскі райаграсэрвіс» для патрэб Гомельскага райвыканкама набытыя пяць аўтамабіляў на суму больш як паўмільярда рублёў, перададзеныя выканкаму бязвыплатна.

Вынікам супрацьпраўнай дзейнасці саўдзельнікаў гэтай злачыннай схемы з'явілася поўная ліквідацыя дзяржаўнага прадпрыемства.

Дзеянні службовых асоб кваліфікаваныя наступным чынам: былога намесніка старшыні Гомельскага райвыканкама — па ч. 3 арт. 424, ч. 4 арт. 16 ч. 3 арт. 426 КК; былога дырэктара ААТ «Гомельрайаграсэрвіс» — ч. 3 арт. 426, ч. 1 арт. 427, ч. 2 арт. 424 КК; намесніка дырэктара СТАА «Белсельгаспрам» — ч. 2 арт. 216, ч. 3 арт. 424, ч.ч. 1,2 арт. 210 КК.

Беручы пад увагу нанесены рэальнаму сектару эканомікі ўрон, следчымі накладзены арышт на асабістую маёмасць абвінавачаных і маёмасць СТАА «Белсельгаспрам» на суму больш як 3,5 мільярда рублёў.

Апрача таго, падчас следства намеснік дырэктара СТАА раскаяўся ў зробленым і кампенсаваў нанесены яго дзеяннямі ўрон у поўным аб'ёме. У сувязі з гэтым мера стрымання яму зменена з узяцця пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Двое іншых абвінавачаных застаюцца пад вартай. Адзін з іх таксама кампенсаваў нанесены матэрыяльны ўрон.

У адрас Гомельскага абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў адпраўленыя прадстаўленні аб ліквідацыі прычын і ўмоў учынення злачынства, выяўленых следствам у працэсе працы.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?