У польскай экспертнай супольнасці пачынае выспяваць думка аб новай перазагрузцы адносін з рэжымам Лукашэнкі. Аднак усе перакананыя, што Еўрасаюз не будзе перакупляць Беларусь і Украіну ў Расіі.

«З суседам нельга размаўляць праз плот», — перакананы Лукаш Бырскі, эксперт Фонда Сцяпана Батуры.

Ён кажа, што санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх урадоўцаў ні да чаго не прывялі, яны зусім неэфектыўныя.

«Калі б Лукашэнка больш ездзіў, то лепш разумеў бы, што такое Еўрасаюз», — перакананы Бырскі. Ён крытыкуе пазіцыю міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, які дазваляў сабе адпускаць не самыя прыемныя фразы ў дачыненні кіраўніка Беларусі.

Але ж і Лукашэнка не адмоўчваўся, крытыкі было не менш, чым ад Сікорскага, заўважыў я. «Ведаеце, калі ў дзяцінстве я сварыўся з братам, мы біліся, то бацька, раздымаючы нас, казаў мне: «Ты — старэйшы, разумнейшы, змаўчы».

Пэўныя надзеі выказваюцца адносна чэмпіянату свету. «Калі б палітвязняў выпусцілі перад гэтымі спаборніцтвамі — было б цудоўна».

Бырскі выказвае думку, што беларускія палітвязні па прыкладзе Юліі Цімашэнкі маглі б выказаць пазіцыю, што гатовыя знаходзіцца за кратамі, абы працягвалася супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

«У такім выпадку яны проста стануць непатрэбныя рэжыму», — кажа аналітык. Бырскі падзяляе аптымізм Збігнева Бжэзінскага адносна Беларусі. Ён перакананы, што Расія ўсё ж не здольная пераварыць Беларусь.

«Усход — гэта акно для развіцця»

Малгажата Марцінкевіч, дэпутатка польскага Сейма ад леварадыкальнага Руху Палікоты, доўга расказвае аб нядаўняй паездцы ў Беларусь.

Спадарыня Малгажата прызнае, што ўсход цікавы найперш як вялізны рынак для польскіх тавараў. «Я — жывы прыклад таго, што на ўсходзе можна дзейнічаць». Дэпутатка мае свой дрэваапрацоўчы бізнэс у Малдове. Некалі быў і ў Беларусі.

«Санкцыі? Я не ведаю, добра гэта ці дрэнна. Але нейкая рэакцыя мусіла быць. Асабіста я за тое, каб Лукашэнка паехаў паглядзеў, як жывуць у вольных краінах. Не мне меркаваць: ён кепскі ці добры, але для краіны робіць шмат».

Дэпутатка Марцінкевіч верыць у прыватызацыю, што абяцае Лукашэнка. «Калі расійскі капітал прыйдзе на нафтаапрацоўчыя заводы Беларусі, то Расія больш не будзе пагражаць перакрыць вентыль, бо ёй гэта будзе нявыгадна».

 

«Пацяпленне будзе»

Зрэшты, нельга гаварыць, што ўсе гатовыя пачаць перазагрузку адносін з Лукашэнкам. Напрыклад, непрымірымым у гэтым пытанні застаецца былы віцэ-спікер Еўрапарламента Януш Анышкевіч, які шмат разоў быў у Беларусі, ведае многіх апазіцыйных палітыкаў.

«Канечне, санкцыі не працуюць. Але яны маюць сімвалічнае значэнне. Тыя людзі, што знаходзяцца ў спісе, хацелі б паехаць у Францыю ці Кіпр, але не могуць!»

«Пацяпленне будзе, асабліва на фоне тых падзей, што мы бачылі ва Украіне», — лічыць Пятро Касцінскі, былы журналіст газеты Rzeczpospolita, а сёння супрацоўнік Польскага інстытута замежных справаў.

«Калі беларускія ўлады перад Чэмпіянатам свету па хакеі адпусцяць палітвязняў, то замежныя СМІ не будуць асабліва пісаць пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, а пра іншыя рэчы. Беларусі важна скарыстаць гэты шанец. Азербайджан, напрыклад, не скарыстаў падчас «Еўрабачання», а вось Украіна — скарыстала, калі праводзіла Еўра-2012», — лічыць Рафал Садоўскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.

Вялікіх прарываў на заходнім накірунку ўсё ж чакаць пакуль не варта. Гаворка вядзецца першым чынам аб спрашчэнні візавага рэжыму для жыхароў памежжа абе-дзвюх краін. Пытанне, якое доўга вісіць у павестцы дня, але ніяк не вырашыцца станоўча. Гэта магло б быць першым крокам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?