Днямі прайшоў пленум афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Як паведамляе рэсурс «Літкрытыка.by», у яго статуце з’явілася новае палажэнне:
уведзена пасада «Ганаровы старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
На такую пасаду можа прэтэндаваць толькі адзін чалавек: Мікалай Чаргінец, які ўзначальвае арганізацыю з моманту яе заснавання ў 2006 годзе.
Пасада «ганаровага старшыні» сустракаецца ў грамадскіх арганізацыях дастаткова рэдка. Звычайна яе ўводзяць для таго, каб не пакрыўдзіць папярэдняга кіраўніка, якога адпраўляюць на пенсію. Напрыклад, такая сітуацыя назіралася ў Аб’яднай грамадзянскай партыі. Пасля таго, як лідарам у 2000 годзе быў абраны Анатоль Лябедзька, папярэдні кіраўнік, Станіслаў Багданкевіч, стаў ганаровым лідарам партыі.
Улічваючы, што ў кастрычніку мінулага года Чаргінцу споўнілася 76 гадоў, неўзабаве ў Саюзе пісьменнікаў можа змяніцца кіраўніцтва.