06:57

Сілавікі распранулі, аблілі халоднай вадой і абстралялі гумавовымі кулямі двух хлопцаў. Гумовыя кулі прымяняліся і раней уначы.

06:56

Супрацьстаянне працягвалася ўсю ноч. Міліцыя працягвала паліваць з брандсбойтаў, стала вядома, што ў Кіеў ідзе данецкі «Беркут».

Экс-міністр унутраных спраў Юрый Луцэнка заклікаў усіх украінцаў выходзіць на Майдан

На стадыёне «Дынама» ўжо гараць касы, узрываюцца гранаты, ляцяць камні.

00:41

«Піражкі гарачыя, гарачыя піражкі», — гэта нейкая жанчына нясе каменне да «лініі фронту» на Грушэўскага.

Гарніст зайграў Гімн Украіны.

Тым часам уся спецтэхніка і машыны Беркуту на Грушэўскага згарэла. У тым ліку кактэйлем Молатава спалілі і вадамёт.

Тут сабралася некалькі тысяч. Людзі ўзбройваюцца каменнем, у многіх шчыты. Бой ужо трывае восем гадзін і не сціхае.

00:05

Тым часам на Грушэўскага людзі ўзбройваюцца тратуарнай пліткай, перадаючы яе да «лініі фронту».

У студыі Громадське ТВ прыйшоў Віталь Клічко. «Давайце хвілін 20 [на інтэрв'ю], і я пайду», — кажа ён.

Ён расказвае пра правакатараў і расказвае пра сустрэчу тэт-а-тэт з Януковічам у Міжгор'і.

«Я сказаў, што зараз Украіна на мяжы грамадзянскай вайны, і яе (сітуацыю) трэба вырашаць. Найперш — трэба правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Януковіч вельмі стурбованы, — кажа Клічко, — але пільна сочыць за падзеямі».

«Я не баюся ўзяць на сябе адказнасць», — сказаў ён. Журналісты закідаюць яму, што лідары апазіцыі бяздзейнасцю паспрыялі кровапраліццю.

Клічко хвалюецца, пачынае па-ўкраінску, збіваецца на расійскую, вяртаецца на ўкраінскую. «Я не хачу, каб былі смерці».

Журналісты паўтараюць: «Што вы найперш сказалі Януковічу»? — Я сказаў, што «перадусім адстаўка ўрада і Януковіча» — «А ён?» — «Зрабіў выгляд, што прапусціў між вушэй і пачаў пра стварэнне камісіі», — кажа Клічко.

«Я не выключаю магчымасці грамадзянскай вайны, такі сцэнар дапусціць нельга. Кроў нікому не патрэбная», — сказаў Клічко.

23:50

Клічко: Януковіч паабяцаў круглы стол

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч паабяцаў у панядзелак раніцай стварыць камісію з прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, урада і прадстаўнікоў апазіцыі, якая зоймецца вырашэннем крызіснай сітуацыі ў краіне.

Пра гэта паведаміў лідар партыі «УДАР» Віталь Клічко пасля сустрэчы з Януковічам у Міжгор'і.

«Мы з дэпутатамі прыехалі ў Межыгор'е і паўгадзіны чакалі ля мяжы ўнутраных войскаў, якія нас не прапускалі. Затым пусцілі толькі мяне. Я выказаў патрабаванні людзей, якія два месяцы пратэстуюць на Майдане. І што трэба неадкладна вырашыць палітычны крызіс», — падкрэсліў Клічко.

23:40

На Майдане Незалежнасці ўзмацняюць ахову барыкад ў чаканні штурму.

Пра гэта заявіў камендант Майдану Андрэй Парубій.

Акрамя таго, да нападу рыхтуецца Дом прафсаюзаў. Там падрыхтавалі пажарныя шлангі, каб у выпадку атакі паліваць нападнікаў вадой.

23:36

У Кіеве па вуліцы Багатырскай едуць 25 аўтобусаў з «Беркутам». Яны разбілі машыны мітынгоўцаў і затрымалі аднаго з актывістаў.

Пра гэта паведамляе Віталь Портнікаў у сваім твітары са спасылкай на актывістаў «Аўтамайдану».

Паведамляецца, што калоны аўтобусаў прабілася праз строй аўтамабіляў мітынгоўцаў, пры гэтым разбілі машыны і затрымалі аднаго з актывістаў.

23:35

Януковіч прапанаваў круглы стол з апазіцыяй.

Лідар фракцыі Бацькаўшчына ў Вярхоўнай Радзе Арсень Яцанюк абвясціў са сцэны Майдана, што толькі што яму патэлефанаваў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч і прапанаваў заўтра правесці перамовы ў фармаце «круглага стала».

Па словах Яцанюка, пасля Януковіча яму патэлефанаваў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Андрэй Клюеў.

«Хутчэй за ўсё, менавіта Клюеў і будзе на месцы Лёвачкіна (былога кіраўніка Адміністрацыі — НН). Менавіта Клюеў адказвае за гэтыя перамовы», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook народны дэпутат ад Бацькаўшчыны Аляксандр Брыгінец.

23:26

Мітынгоўцы падпалілі некалькі міліцэйскіх грузавых аўтамабіляў, што перакрываюць вуліцу Грушэўскага ў цэнтры Кіева, дзе вось ужо больш за 7 гадзін не сціхае супрацьстаянне з праваахоўнікамі.

міліцыя спрабуе патушыць іх з вогнетушыцеляў, але ёй гэта пакуль не ўдаецца.

Міліцыя ўжывае светлашумавыя і газавыя гранаты, а таксама слёзацечны газ. Пратэстоўцы кідаюць у вартавых парадку камянямі.

На гэты час раненні атрымалі 24 мітынгоўцаў і больш за 40 праваахоўнікаў.

22:45

Дарэчы, журналісты аспрэчваюць меркаванне, што беспарадкі ўсчалі члены «Правага сектара». Яны кажуць, што там шмат знаёмых, у тым ліку з рэгіёнаў, якіх дастала бяспраўе, татальная карупцыя ў краіне. «Гэта не за Еўропу, проста задзяўбло», такі слоган. Бягучая сітуацыя моцна радыкалізавала частку грамадства, кажуць яны.

Януковіч будуе не аналаг Расіі, не Беларусь (там народ ахвяруе свабодай, дзеля нейкіх дабротаў, кажуць яны), Януковіч будуе Самалі, такое параўнанне прыводзяць украінскія журналісты.

Тым часам супрацьстаянне на Грушэўскага працягваецца. Мітынгоўшчыкі зноў ціснуць на аўтобусы. Беркут бароніцца.

22:27

У эфіры Громадське ТВ паведамляюць, што міліцыя пачала страляць гумовымі кулямі. Журналісты правяраюць інфармацыю. 

Разам з тым частка пратэстоўцаў вяртаецца з вуліцы Грушэўскага на Майдан, з'явілася інфармацыя пра яго разгон.

21:53

Міліцыю і Беркут на Грушэўскага штурмуе «Правы сектар».

Такую выснову можна зрабіць з паведамленняў супольнасці ў «Вконтакте». Так, на старонцы супольнасці актыўна каментуюцца і каардынуюцца падзеі на Еўрапейскай плошчы і пад стадыёнам «Дынама».

Удзельнікаў заахвочваюць да дзеянняў, заклікаюць далучыцца актывістаў з іншых гарадоў, дапамагчы з прадастаўленнем «шкляных рэчаў» — літровых бутэлек (для «кактэйляў Молатава»), нагадваюць пра неабходнасць мець пры сабе піратэхніку і г.д.

21:47

Віталь Клічко скіраваўся з іншымі народнымі дэпутатамі ў загарадную рэзідэнцыю ў Міждугір'е, паведамляе Громадське ТВ.

Клічка аднаго прапусцілі за кардон міліцыі, што вартуе рэзідэнцыю.

Ці выйдзе адтуль, іранізуюць журналісты. «Вось сітуацыя, Януковіч сядзіць і чакае Клічка», — смяюцца журналісты.

Клічко скіраваўся, каб перадаць патрабаванні дэманстрантаў: датэрміновыя выбары і спыненне процістаяння.

21:39

Лідар «Бацькаўшчыны» Арсень Яцанюк прыйшоў на Грушэўскую і заклікае пратэстоўцаў павярнуць на Майдане, паведаміла ў жывым эфіры Громадське ТВ.

20:35

Мітынгоўцы на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіева, дзе не сціхаюць сутычкі з праваахоўнікамі, кінулі некалькі разоў у бок міліцэйскага кардона, што заступае вуліцу, кактэйль Молатава.

У адказ міліцыя задзейнічала светлашумавыя гранаты.

У праваахоўнікаў з натоўпу пратэстоўцаў бесперапынна ляцяць камяні.

20:14

Праваахоўнікі ўжылі вадамёт супраць людзей, якія ўдзельнічаюць у сутыкненнях на вул. Грушэўскага каля стадыёна імя Валерыя Лабаноўскага.

Як паведамляе «Інтэрфакс-Украіна», праваахоўнікі ўжылі вадамёт супраць першых шэрагаў мітынгоўцаў. Пасля пачатку працы спецтэхнікі людзі адышлі ад кардону, аднак усё яшчэ застаюцца на вуліцы.

У адказ на працу вадамёта людзі пачалі скандаваць «Вадохрышча!».

Пасля таго, як пратэстоўцы адышлі ад кардону, вадамёт перастаў працаваць, аднак праваахоўнікі кідаюць светлашумавыя гранаты і ўжываюць слёзацечны газ.

Радыкалы ў масках б'юць у барабаны. Супрацьстаянне працягваецца.

Зараз на вуліцы ў Кіеве мінус 7 градусаў па Цэльсіі.

20:02

Эксклюзіўны фотарэпартаж «Нашай Нівы» з Кіева

Мітынгоўцы з Майдану рушылі на штурм урадавага квартала. Лідара апазіцыі Віталя Клічко, які спрабаваў спыніць іх, аблілі з агнягасніка. Людзі абвінавачваюць прэзідэнта Януковіча ў парушэнні Канстытуцыі і здрадзе нацыянальных інтарэсаў. Яны патрабуюць рэвалюцыі.

У Кіеве ідуць інтэнсіўныя сутычкі між дэманстрантамі і спецназам. Увесь час чуваць стрэлы гранат са слезацечным газам. Падплены аўтобус. Самая гарачая сітуацыя склалася на вуліцы Грушэўскага і каля Рэспубліканскага стадыёна.

фота з жж Рустэма Адагамава

фота з жж Рустэма Адагамава

19:34

Клічко звяртаецца з трыбуны Майдана. Ён заклікае кіраўніцтва Украіны спыніць процістаянне міліцыі супраць свайго народу, міліцыю заклікае пераходзіць на бок народа.

18:37

На вуліцу Грушэўскую ў Кіеве, дзе працягваецца супрацьстаянне паміж дэманстрантамі і міліцыяй, падагналі вадамёт.

Пра гэта паведамляе Громадське ТВ.

Праўда, кіяўляне жартуюць, што не трэба баяцца вады, яна сёння ўся святая (сёння Вадохрышча).

 У Кіеве прымяняюць гранаты са слёзацечным газам, усе кашляюць.

17:59

Мітынгоўцы, якія спрабуюць прарваць кардон унутраных войскаў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, разбілі два міліцэйскія аўтобусы. Зараз мітынгоўцы спрабуюць прарваць кардон з боку алеі, якая вядзе ў Марыінскі парк.

Радыкальна настроеныя маладыя людзі падпалілі міліцэйскі аўтобус, прыпаркаваны ля ўваходу на стадыён «Дынама». З пачатку ў яго разбілі шыбы, а затым падпалілі.

У той жа час, як стала вядома УНІАН, бойку з міліцыяй здзейснілі маладыя, якія пазіцыянуюць сябе як арганізацыя «Правае крыло».

Паступова разбіраюць брукаванку.

17:36

У Кіеве на вуліцы Грушэўскага мітынгоўцы захапілі адзін з міліцэйскіх аўтобусаў.

Яны завялі аўтобус і спрабуюць пасунуць ім кардон унутраных войскаў, які перагарадзіў праезд ва ўрадавы квартал.

Іншы аўтобус, якім перакрыта вул. Грушэўскага, мітынгоўцы працягваюць гайдаць.

З боку Дома ўрада і Вярхоўнай Рады, уздоўж праезнай часткі пад'ехалі некалькі дзесяткаў аўтобусаў з міліцыяй.

17:14

Людзей да Урадавага квартала прыбывае. Асноўныя сутычкі каля стадыёна «Дынама». Разам з тым, зазначае Громадьске ТВ, пастаянна чуецца расійская мова, праўда, ім заўважаюць, што гэты крычалкі футбольных фанатаў. Інтэрнет-трансляцыя пастаянна вісне.

Каля стадыёна «Дынама», на рагу вуліцы Грушэўскага і Паркавай алеі, аднавіліся сутыкненні паміж мітынгоўцамі і міліцыяй.

Мітынгары закідалі міліцыю петардамі і дымавымі шашкамі. У адказ міліцыя ўжыла гранаты са слёзацечным газам.

Частка мітынгоўцаў адышла, іншая, апранутая ў супрацьгазнікі, застаецца. У адным з міліцэйскіх аўтобусаў разбіты шыбы.

16:55

На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, якая перакрытая кардонам унутраных войскаў, сабралася некалькі тысяч мітынгоўцаў з Еўрамайдану, якія спрабуюць прарвацца да Урадавага квартала.

Кардон УВ значна ўмацаваны. Мітынгоўцы ўжо каля гадзіны спрабуюць прайсці да Марыінскага парку і пад Вярхоўную Раду, як планавалі арганізатары Аўтамайдану.

Не атрымаўшы дазволу прайсці, яны пачалі гайдаць тэхніку, якой перакрыты праезд і адцягнулі аўтобус унутраных войскаў.

Народ скандуе «Банду гэць! Ганьба, ганьба!».

Крыху пазней мітынгоўцы пайшлі ў новы наступ. Зараз на ўваходзе ў Марыінскі парк раздаюцца стрэлы і выбухі, тэрыторыя трохі задымлена.

Невядомыя ў аранжавых касках, якія былі ў натоўпе актывістаў, пачалі біць палкамі кардон аховы. Кідаюць дымавыя шашкі, чуюцца стрэлы.

На месцы прысутнічае Віталь Клічко, які спрабуе сцішыць бойку, стаўшы памім УВ і мітынгоўцамі, яму дасталася. На яго распылілі агнетушыцель.

«Тое, што вы зараз робіце, гэта вялікая небяспека», - заявіў Клічко, звяртаючыся да мітынгоўцаў.

***

Украінская апазіцыя абвясціла пра намер стварыць альтэрнатыўны ўрад і правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Пра гэта са сцэны на Майдане Незалежнасці ў Кіеве падчас Народнага веча заявіў сёння, 19 студзеня, лідар «Удара» Віталь Клічко.

Тут і далей — фоты Ройтэрз.

Тут і далей — фоты Ройтэрз.

Фота ўкраінскай службы Радыё Свабода

Фота ўкраінскай службы Радыё Свабода

На Народнае веча ў Кіеве, восьмае з пачатку пратэстаў (праходзіць у нядзелі), сабралася да 500 тысяч чалавек.

Дарэчы, зараз у Кіеве мінус 6, паказваюць інтэрнет-прагнозы надвор'я.

«Мы абвяшчаем датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Пра гэта яшчэ будзе галасаванне, мы яго правядзем», — заявіў ён.

Таксама Клічко заявіў, што «мы зазірнем да прэзідэнта і паставім яму ультыматум: ён нас будзе чуць ці не? Ужо 2 месяцы стаіць Майдан, а ён робіць выгляд, што яго не існуе».

«Сёння пытанне — пераможа Януковіч або Украіна?, — звярнуўся Клічко да Еўрамайдану. — Украіна пераможа! Януковіч з купкай людзей сабраліся прыватызаваць краіну. Гэтага не будзе», — заявіў ён.

Таксама ён звярнуўся да праваахоўнікаў: «Пераходзіце на бок людзей. Вы далі прысягу, у першую чаргу — народу і вы павінны яго абараняць».

Таксама на Народным веча арганізатар Аўтамайдану Дзмітрый Булатаў заклікаў апазіцыю вызначыцца з адзіным лідарам.

«Гэта ўжо не танцы на плошчы, а грамадскі супраціў. У нас больш няма часу, пакуль вы дамовіцеся аб размеркаванні пасад. У нас сёння апошні шанец абараніць сябе, нам патрэбны лідар супраціву, які возьме на сябе адказнасць».

«Раней Аўтамайдан заклікаў апазіцыю вызначыцца з адзіным кандыдатам. Зараз гэта ўжо неактуальна — ужо зразумела, што ніякіх сумленных выбараў праз год не будзе і ў 2015-м прызначаць таго самага зэка», — адзначыў Булатаў.

«Таму мы просім вас назваць імя адзінага лідара супраціву», — заявіў ён.

Удзельнікі Еўрамайдану на плошчы перад сцэнай падтрымалі яго зварот, скандуючы «Лідара!».

План дзеянняў апазіцыі: Народная Рада дэпутатаў, адстаўка Януковіча і новая Канстытуцыя

План дзеянняў ад апазіцыі складаецца з трох пунктаў — стварэнне Народнай рады, выказванне недаверу і адстаўкі Віктара Януковіча і стварэнне новай Канстытуцыі. Пра гэта падчас Народнага веча на Майдане Незалежнасці заявіў лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк.

«Павінны стварыць Народную Раду з ліку народных дэпутатаў. Таму першае рашэнне —стварэнне такой Рады. Падтрымліваецца?», — спытаў Яцанюк у прысутных на Еўрамайдане. «Так!», — заявілі ўдзельнікі акцыі.

«Другое — Народная Рада атрымае легітымнасць ад украінскага народа. Другое — пацверджанне паўнамоцтваў Народнай Рады. Трэцяе — фарміраванне новай Канстытуцыі. Мы пачынаем народнае галасаванне пра недавер і адстаўку Януковіча», — заявіў Яцанюк.

«Ні разу народ не пісаў сваю Канстытуцыю. Мы аб'яўляем пра пачатак Канстытуцыйнага сходу. Народ пачынае пісаць сваю Канстытуцыю», — дадаў ён.

Акрамя таго Яцанюк заявіў, што ў Кіеве да гэтага часу няма легітымнай улады. «Пачынаем народнае галасаванне аб абранні Кіеўгаррады і мэра Кіева. Улада — народу!», — заявіў Яцанюк.

Таксама ён звярнуўся да ўсіх органаў мясцовага самакіравання з заклікам стварыць атрады народнай самаабароны, змагацца са злачыннасцю і карупцыяй на месцах.

«Пасля стварэння Народнай рады Украіны павінен быць створаны Народны ўрад, які прывядзе Украіну ў ЕС, спыніць дыктатуру Януковіча і будзе урадам еўрапейскай Украіны. Такі наш план дзеянняў», - падсумаваў Яцанюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?