На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, якая перакрытая кардонам унутраных войскаў, сабралася некалькі тысяч мітынгоўцаў з Еўрамайдану, якія спрабуюць прарвацца да Урадавага квартала.
Кардон УВ значна ўмацаваны. Мітынгоўцы ўжо каля гадзіны спрабуюць прайсці да Марыінскага парку і пад Вярхоўную Раду, як планавалі арганізатары Аўтамайдану.
Не атрымаўшы дазволу прайсці, яны пачалі гайдаць тэхніку, якой перакрыты праезд і адцягнулі аўтобус унутраных войскаў.
Народ скандуе «Банду гэць! Ганьба, ганьба!».
Крыху пазней мітынгоўцы пайшлі ў новы наступ. Зараз на ўваходзе ў Марыінскі парк раздаюцца стрэлы і выбухі, тэрыторыя трохі задымлена.
Невядомыя ў аранжавых касках, якія былі ў натоўпе актывістаў, пачалі біць палкамі кардон аховы.
На месцы прысутнічае Віталь Клічко, які спрабуе сцішыць бойку, яму дасталася.