У інтэрнэце сапраўдным хітом стаў альбом гурта Ceilidh Ceol пад назвай «Сыны старадаўняй Літвы».
Па-першае, яны ледзь не адзіны гурт, які грае ў Беларусі сапраўдную ірландскую музыку, па-другое народныя песні ірландскіх патрыётаў загучалі па-беларуску. «А вы кажаце, няма ў нас патрыятычнай музыкі» – пішуць пра кружэлку ў інтэрнэце.
«У нас заўжды была цікавасць да ірландскай музыкі, - расказвае лідэр гурта Алесь Чумакоў. - Аднак беларусам жа цікавей слухаць сваю музыку, так і
з’явілася ідэя спалучыць старадаўнія кельтскія песні і беларускі кантэкст. Ірландскія песні – выдатны прыклад рамантычнай паэзіі.
На вялікі жаль, у нас амаль не захаваліся старыя рамантычныя песні, іншыя былі напісаныя па-польску, і ў беларускі кантэкст не траплялі».
Песні на альбоме маюць свой старадаўні адпаведнік – толькі персанажы, героі песняў сталі беларусамі.
«У нас шмат паралеляў у гісторыі, - кажа спадар Чумакоў. – Вызваленчыя паўстанні, супраціў… Таму тэксты нават не трэба змяняць.
Вось, напрыклад, Шон О’Фарэл пераўтварыўся ў Эмілію Плятэр. Цяпер
у нас у планах наступны альбом, больш вясёлы, пад назвай «Праўда ў віне»,
ізноў жа ірландскія героі стануць беларусамі. Напрыклад, як можна спяваць пра гісторыю піва і не ўзгадаць графа Чапскага?»