Паводле слоў прэзідэнта, стаіць задача актыўнага развіцця тых вытворчасцей, якія арыентаваны на мясцовыя рэсурсы і сыравіну. Гэта датычыцца сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі і шэрага іншых напрамкаў. «Мы ўсё больш і больш будзем арыентаваць нашу эканоміку на тую, няхай нават мізэрную, сыравіну, якая ў нас ёсць», — адзначыў Лукашэнка.

«Калі мы амбіцыйна заяўляем, што мы, беларусы, хочам быць суверэннымі і незалежнымі, і не будзем займацца мадэрнізацыяй свайго жыцця і вытворчасці, то мы ніколі такімі не будзем. У лапцях будзем хадзіць. Немагчыма сёння жыць і не развівацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, асаблівасць мадэрнізацыі ў Беларусі таксама заключаецца ў кропкавым падыходзе да гэтага працэсу. У першую чаргу прыярытэт будзе аддавацца высокарэнтабельным праектам, хоць у той ці іншай ступені ў мадэрнізацыю павінны быць уключаны ўсе прадпрыемствы.

«Спаць нікому не дазволім. Кропкавая мадэрнізацыя з актыўнай дзяржаўнай падтрымкай была і будзе заўсёды. Той, хто дасць больш дзяржаве і народу, таго мы больш падтрымаем», — адзначыў прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, мадэрнізацыя павінна закранаць розныя сферы, не толькі эканоміку. «Але эканоміка — фундамент усяго нашага жыцця. Галоўны напрамак усёй мадэрнізацыі — гэта эканоміка», — заявіў Лукашэнка.

Прыводзячы ў якасці прыкладу сельскагаспадарчую галіну, Прэзідэнт адзначыў, што ў выніку яе развіцця растуць аб'ёмы экспарту і якасць прадукцыі.

«Сёння Еўрасаюз да нас не можа прыдзерціся. Мы ў іх пытаемся: чаму вы не дазваляеце на ваш рынак пастаўляць нашы малочныя прадукты, попыт на іх ёсць, якасць адпавядае. Па якасці не горшыя, чым у Еўропе. Дык вы так і скажыце, што абараняеце свой рынак і не пускаеце іншых. Нават некалькі віцебскіх або гродзенскіх прадпрыемстваў атрымалі дазвол на пастаўку ў Еўропу, а стандарты там шалёныя. Ды і ў Расіі сёння ўжо проста так не прадасі. Вось што такое мадэрнізацыя. Калі мы гэтым не заняліся б, мы сёння аб гэтым не гаварылі б», — заўважыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0