28 студзеня пачнуцца здымкі нацыянальнага кінапраекта «Авель».
Ён успрымаецца як афіцыйны адказ на фільм «Жыве Беларусь», які зняў польскі рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч пра падзеі Плошчы снежня 2010 года. Бюджэт «Авеля» складзе $2 мільёны.
Першымі будуць знятыя кадры дэманстрацыі, заявіў БелТА рэжысёр фільма Уільям Дэ Віталь. Здымкі адбудуцца на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці. Чакаецца, што колькасць масоўкі дасягне 4 тысяч чалавек.
Уільям Дэ Віталь дэбютуе ў якасці рэжысёра ў кіно. Паводле інфармацыі, агучанай суполкай фільма «Вышэй за неба» «Укантакце», гэта ўкраінскі эмігрант, які працаваў каскадзёрам у фільмах «Тры мушкецёры» і «Чалавек з Бульвара Капуцынаў».
Мяркуецца, што адну з роляў выканае галівудскі акцёр Эрык Робертс. Старэйшы брат знакамітай Джуліі Робертс, ён часта выконвае ролі нягоднікаў.
Для рэалізацыі праекта Міністэрствам культуры Беларусі і Адміністрацыяй прэзідэнта быў абраны прадзюсер Сяргей Ждановіч, вядомы як прадзюсар серыяла ПРААН «Вышэй за неба».