Раніцай 4 кастрычніка памёр адзін з самых таленавітых беларускіх археолягаў Віктар Абухоўскі. Ён нарадзіўся 11 кастрычніка 1973 г. у вёсцы Сялец Смаргонскага раёну і не дажыў да свайго 34‑годзьдзя ўсяго тыдзень.

Хвароба забрала яго імгненна, пакінуўшы нас у роспачы і безнадзейнасьці. Яшчэ два месяцы таму ён з захапленьнем расказваў мне пра Кавальцы — адно з самых старажытных палеалітычных паселішчаў, якое ён адкрыў і дасьледаваў каля Горадні на Нёмане. Страшна змучаны і стомлены ад палявой працы, Віктар марыў пра тыднёвы адпачынак у доме сваіх бацькоў каля Горадні…

Ён быў унікальным спэцыялістам. У 1998 г. Віктар скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт, атрымаўшы ступень «магістра археалёгіі».

ХАЙ ЛЮДЗІ ЎБАЧАЦЬ ВАШЫМІ ВАЧЫМА: зьмясьціце на nn.by Вашы фоты і паведамленьні: [email protected], 29-707-73-29, 29-613-32-32, 17-284-73-29.

Вучоба ў дактарантуры і праца над дысэртацыяй давала яму магчымасьць застацца ў Варшаве. Вядомы польскі археоляг, прафэсар Інстытуту археалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Анджэй Кэмпіста, казаў мне, што гэта быў самы лепшы ягоны студэнт, які апантана любіў археалёгію, вылучаўся незвычайнымі здольнасьцямі, працавітасьцю і эрудыцыяй. У тыя гады пра здольнага беларускага хлопца, які вывучае археалёгію ў Варшаве, мне казалі многія польскія археолягі ў Кракаве, Познані ды іншых археалягічных цэнтрах Польшчы. Віктара любілі варшаўскія студэнты, якіх ён нястомна вучыў палявой археалёгіі, вандруючы зь імі па Польшчы з адной экспэдыцыі ў другую. Тым ня менш, ён не спакусіўся на ўнівэрсытэцкую працу ў Варшаве.

У 2003 г., пасьля заканчэньня дактарантуры, ён вярнуўся ў Беларусь, прагнучы працаваць у беларускай археалёгіі. Выкладчыкам гістарычнага факультэту БДУ яго ўзялі не адразу, маўляў, не свайго гатунку, з замежным дыплёмам. Толькі са студзеня 2004 г. ён пачаў выкладаць, працуючы на катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплін, адначасова займаючыся навукай у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук. У 2003 г. у Польшчы выйшла ягоная манаграфія — унікальны каталёг археалягічных знаходак з тэрыторыі Беларусі, якія многія дзесяцігодзьдзі захоўваліся ў фондах Дзяржаўнага археалягічнага музэю ў Варшаве. Іх пошуку і апрацоўцы Віктар прысьвяціў некалькі гадоў свайго жыцьця.

Дзякуючы сваёй незвычайнай энэргіі і прыцягальнасьці, яму ўдалося згрупаваць вакол сябе зацікаўленых у археалёгіі студэнтаў. Калі раней на археалягічную спэцыялізацыю студэнтаў заганялі ледзь ня сілай, то да Абухоўскага яны пайшлі самі. На нейкі момант давялося нават уводзіць колькаснае абмежаваньне. Створаны ім археалягічны клюб становіцца адным з самых папулярных на факультэце. Бурная студэнцкая археалягічная плынь, бадай, адна з асноўных дамінантаў і пазытыўных зьяваў сёньняшняга жыцьця гістарычнага факультэту БДУ.

Віктар быў захоплены працай са студэнтамі, археалягічнымі пошукамі. Ён верыў у адкрыцьцё новых помнікаў палеалітычнага пэрыяду ў Беларусі. Ён не губляў надзеі, калі амаль безвынікова скончыў археалягічныя разьведкі на пакручастых узвышшах Наваградчыны. Яму пашчасьціла каля Кавальцоў — на безнадзейнай для многіх спэцыялістаў тэрасе Нёмана, заглыбіўшы раскоп амаль на 4 м, ён упершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі гісторыі беларускай археалёгіі, знайшоў самае старажытнае на Беларускім Панямоньні паселішча часоў палеаліту. Над тым пластом, дзе ляжаць крамянёвыя вырабы і рэшткі костак маманта, ён шчыраваў апошнія гады са сваімі адданымі студэнтамі.

Ён быў нястрымны ў сваім жаданьні працаваць і адкрываць. Каменны век быў сэнсам ягонага жыцьця. Ён быў адзіны ў Беларусі, хто зразумеў і засвоіў тэхналёгію крамянёвай апрацоўкі да той ступені, што ўмеў паўтарыць прыёмы вырабу старажытных прыстасаваньняў і прыладаў. Ён хацеў пра многае напісаць, але любіў дасканаласьць, таму старанна і доўга працаваў над сваімі кнігамі, артыкуламі і праектамі…

Няма больш Віктара — добрага і ўсьмешлівага чалавека, надзейнага сябра, аднаго з самых шчырых працаўнікоў у беларускай археалёгіі. Застаецца спадзявацца на тых студэнтаў, якія пакуль разгублена ціснуцца па куткох нашага інстытуту і ня могуць паверыць, што Віктар Сьцяпанавіч больш не павязе іх на раскопкі і ня пойдзе зь імі ўздоўж Нёмана і Пцічы шукаць самых старажытных людзей…

Мікола Крывальцэвіч

* * *

Гэты хлопец быў народжаны для археалёгіі. Яму было наканавана абудзіць беларускую археалёгію, папхнуць яе наперад. Праўда, Віктар гэтай сваёй місіі не адчуваў, альбо не надаваў вялікага значэньня, бо быў па‑хрысьціянску сьціплы. Дзякуючы ягонаму інтэлектуальнаму ўзроўню, мэтадычнай і мэтадалягічнай падрыхтоўцы, набытым у варшаўскай школе археалёгіі, Віктар Абухоўскі паказаў усім нам сапраўдны прафэсійны падыход да археалягічных дасьледаваньняў. Ён як ніхто ясна разумеў галоўныя прынцыпы, мэтады і функцыі археалёгіі як самастойнай навуковай дысцыпліны.

Віктар быў несамавіта працавітым. Ён сам і разам з калегамі абышоў усе вартыя ўвагі дасьледчыка мясьціны Панямоньня. Адкрыцьцё і шматгадовае вывучэньне археалягічнага помніка ў в. Кавальцы Гродзенскага раёну назаўсёды ўпісала імя Віктара Абухоўскага ў аналы беларускай навукі.

Бесканфліктнасьць, аптымістычнасьць і мэтанакіраванасьць вылучалі Віктара Абухоўскага сярод іншых. Ён рабіў сваю справу, нягледзячы на сваркі і непаразуменьні сярод калег‑археолягаў. Страшна падумаць, што лепшыя адыходзяць… Як калісьці Валера Шаблюк пайшоў з гэтага сьвету ў момант найвышэйшага ўзьлёту свайго таленту, так цяпер Віктар Абухоўскі сышоў, пакінуўшы нас з усімі нашымі дробнымі мэркантыльнымі сваркамі, якія ператвараюць археалёгію ў брудную камэрцыю, выкідаючы яе сапраўдную духоўную, высакародную сутнасьць. Мала засталося ў нашай навуцы інтэлігентнасьці і культуры.

Віктар, даруй, калі ласка, што не зьбераглі цябе…

Генадзь Семянчук

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0