23.01.2014 / 22:17

Маці забітага на Майдане беларуса: Міша чалавечы боль успрымаў як свой 10

22 студзеня 25-гадовы Міхаіл Жызнеўскі стаў ахвяраю сутыкненняў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Ён атрымаў раненне ў сэрца.

Хлопец быў ахоўнікам на Майдане. «Я яго добра разумею. Ён чалавечы боль успрымаў як свой і прапускаў праз уласнае сэрца. Усё хацеў, каб на Зямлі быў мір і спакой», – гаворыць Ніна Жызнеўская.

«У мяне Міша рос без праблемаў. Я ўсім сваім сяброўкам казала: «Дзяўчаты, дай Бог, каб у вас былі такія дзеткі, як у мяне». Як суседка ідзе з цяжкімі торбамі, Міша бяжыць, каб ёй дапамагчы», – гаворыць маці Міхаіла Жызнеўскага.

«Чаму Міша там апынуўся? Каб людзі жылі ды не лічылі гэтых жабрацкіх грошай. Ён загінуў за людзей. Ён хацеў дабра… а не атрымалася, сам загінуў», – тлумачыць спадарыня Ніна.

Маці загінулага таксама расказала, што ў пасольстве ёй прапанавалі прыехаць у Кіеў. У найбліжэйшыя суткі, паводле слоў Ніны Жызнеўскай, яны з мужам і 18-гадовым унукам плануюць выехаць у сталіцу Украіны для вырашэння ўсіх фармальнасцяў. «Мне абавязкова трэба пахаваць яго ў Гомелі, каб ён быў тут, побач, і каб потым мяне таксама пахавалі каля яго», — сказала жанчына.

Паводле яе слоў, «Міша быў вельмі добрым, гаспадарлівым, захапляўся каратэ, рыцарскімі рэканструкцыямі, дапамагаў ва ўсім, любы чалавечы боль прапускаў праз сябе».

«У яго на гэтай глебе з'явіліся праблемы ў 2005 годзе. Кіраўнік рыцарскага клуба ўзяў у кагосьці грошы на выраб сярэднявечных даспехаў. Грошы ён не вярнуў і схаваўся ва Украіне, прыхапіўшы з сабой Мішу як жывы шчыт. Міша ні ў чым не быў вінаваты, яму тады было 17 гадоў.

Да 2012 года мы нічога не ведалі пра яго. У 2012 годзе мой унук знайшоў яго па інтэрнэце. Мы сустракаліся з ім у Кіеве ў 2012 годзе. Пра сваё жыццё ён мала што расказваў, казаў, што хацеў дапамагчы ўкраінцам, але планаваў вярнуцца дамоў і жыць тут. Абяцаў вярнуцца вясной 2014 года», — сказала Ніна Жызнеўская.

Яна таксама паведаміла, што з 2005 года па 2012-ы спрабавала шукаць сына пры дапамозе беларускай міліцыі, але там лічылі, што Міхаіл хаваецца ад службы ў арміі. «Ён не хаваўся ад арміі, ён быў праваслаўным хрысціянінам. Ён хацеў адслужыць у арміі, а потым пайсці ў Жыровіцкі манастыр», — сцвярджае жанчына.

У смерці сына Ніна Жызнеўская вінаваціць тых, «хто стаяў на даху і страляў у нявінных людзей». «Мішы куля трапіла прама ў грудзі, значыць, стралялі мэтанакіравана прама ў яго. Няхай гэтым нелюдзям будзе аддадзена па заслугах», — сказала яна.

Паводле слоў жанчыны, пытанні з труной і дастаўкай цела Міхаіла на радзіму родным дапамагаюць вырашаць кіеўскія сябры сына.

0
Міколаас / Адказаць
23.01.2014 / 22:20
«Чаму Міша там апынуўся? Каб людзі жылі ды не лічылі гэтых жабрацкіх грошай. Ён загінуў за людзей. Ён хацеў дабра… а не атрымалася, сам загінуў», – тлумачыць спадарыня Ніна. ============================ А цяпер чакаем гнюсных і паскудных камэнтараў ад троляў.
0
Таня / Адказаць
23.01.2014 / 22:54
Божа мой, як шкада жанчыну! Адразу бачна, што добрая, мілая, спачувае ўсім. І сына добрага выхавала. Ім можна ганарыцца. Вельмі хачу дапамагчы ёй матэрыяльна. Як гэта можна зрабіць? Мо, ёсць рахунак які?
0
Каб людзі жылі... / Адказаць
23.01.2014 / 22:56
памяці Міхаіла Жызнеўскага "Падчас вайны ўсе людзі далі сабе клятву, калі застануцца ў жывых, не паўтараць гэтай памылкі. Але чалавек хутка ўсё забывае." Э.М. Рэмарк. Жыццё ў пазыку
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру