12.10.2007 / 09:29

Купала-рэп 1

Новы тэатральны сезон гарадзенскі драматычны тэатр адкрыў прэм’ерным спэктаклем «Прымакі». Камэдыя, якая выглядае на трагедыю. Рэжысэр і гледачы — пра новы спэктакль.

Новы тэатральны сезон драматычны тэатр адкрыў прэм’ерным спектаклем «Прымакі». Ставіць купалаўскую камедыю запрасілі менскага рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Ці задаволены прэм’ерай і ці ўдалося ўвасобіць на гарадзенскай сцэне аўтарскую ідэю — пра гэта размова з рэжысёрам.

— Пра спектакль скажу так: як заўсёды, незадаволены. Але я ўжо да гэтага прызвычаіўся. На жаль, я не змагу застацца на прэм’еру. Я ведаю, што ўжо заўтра мне б больш спадабалася, паслязаўтра яшчэ больш, але гэта не таму, што сёння было дрэнна.

Напружанне такое, што калі я сядзеў у залі, мне падалося, што музыка нешта ціхая. Я не зразумеў, чаму. Потым пачаў разумець, што проста ў мяне ціск падняўся, і залажыла вушы. І я не чуў.

Усё было нармальна. Бачу, што твар гарыць і зразумеў, у чым справа. Заўсёды пасля прэм’еры рэжысёр спачатку незадаволены, здаецца, што магло быць неяк іначай. Потым я звыкся з гэтым. Я ведаю, што будзе ўсё добра. Такі эмацыйны фон трошкі не зусім радасны.

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

— Калі мы выходзілі з залі, то пачулі, як жанчына сказала, што спектакль страшны, беларусы паказаны так, нібыта толькі пьюць, танцуюць, б’юцца, потым зноў п’юць і г.д. Як бы Вы пракаментавалі?

— Трэба паглядзець на старонкі Купалы, калі чалавек удумлівы, то за камічнай формай яна б адчула вялікі боль за наш народ, за нашу Радзіму, таму што Купала не быў дурным пустым чалавекам, ён не мог проста так пісаць гэтую камедыю. Праз камедыю праглядаліся слёзы. І спачуванні да свайго народа. Так я разумею гэту п’есу, лічу, што зрабіў у гэтым тэатры дыптых «Раскіданае гняздо» і «Прымакі». Гэта розныя па жанры спектаклі, як падасца на першы погляд, адзін — камедыя, а другі — трагедыя. Але ў гэтым спалучэнні і ёсць сэнс нашага жыцця — ад камедыі да трагедыі адзін крок. Слёзы і смех стаяць побач. Вось так мы жывём.

— А чаму беларускаму гледачу варта прыйсці на камедыю «Прымакі»?

— Таму што гэта пра нас. Тут можа ў трошкі перабольшанай форме, але гэта не пра п’янку, не пра бойкі, а пра ўзаемаадносіны людзей, як людзі іншым разам і любяць адзін аднаго і ненавідзяць адначасова. Вось гэтае спалучэнне, яно такое дзікаватае трохі, і хочацца, як Купала казаў, да зор, да неба, ну, мабыць, так некалі і будзе.

— Цікавыя моманты — элементы рэпа, таксама гэты столік на калёсіках замест нармальнага сялянскага стала. Гэта што?

— Гэта сучасныя элементы, тое, што зразумела і блізка сучаснаму гледачу. Таму што жыццё аднолькавае ўвесь час, трошкі форма змяняецца, з’яўляюцца нейкія прыбамбасы. У прынцыпе, пра адно і тое ж самае. Ну, давайце, зменім дэкарацыі. Тут, як бачыце, у гэтай дэкарацыі няма часу. Нават лічу, што і ў касцюмах няма часу. Гэта на першы погляд падасца, што касцюмы этнаграфічныя. Яны стылёвыя, такіх касцюмаў не было, гэта зразумела, і стыль беларускасці, скажам так. Тут, як кажуць, дзеянне адбываецца па‑за часам, па‑за прасторай. Ну можна падумаць, што ў беларусаў, а можна падумаць, што гэта не беларусы. Як хто думае.

Спектакль выклікае неадназначнае стаўленне. Па ўсім відаць, што рэжысёр імкнуўся да глыбокага асэнсавання п’есы, пачуць тое, што Купала гаварыў па‑за самім творам. Адсюль, відаць, у спектаклі дакладныя цытаты з іншых твораў Купалы, тае ж «Паўлінкі» ці «Раскіданага гнязда». Або ідэя сялянскай хаты як мадэлі Космасу, што ўвасобілася ў дэкарацыях у выглядзе зямнога шару. Іншае пытанне, наколькі ўдала гэта змог рэалізаваць рэжысёр. Некалькі дзіўна выглядалі занадта экзатычныя кветкі ў прычосках сялянак. А сварка двух гераіняў магла нагадаць спабор сумаістак. Наўрад ці гэтыя моманты падкажуць гледачу, што гэта прыкметы пазачасавасці. Хутчэй прыйдзе думка, што тэатр такім чынам «зазывае» гледача.

Апошняя сцэна спектакля асабліва эфектная: невядомы з’яўляецца з недраў зямнога шару і поста ў ложку адвозіць маладых назад у свае сховы, якія таямніча свецяцца чырвоным колерам. Я б падумала, што па іх прыйшлі з пекла. Калі гэта камедыя беларускага жыцця, то як тады выглядае трагедыя?

Алеся Бяленік, «Твой стыль»

0
гарадзенка / Адказаць
24.10.2007 / 23:53
Чарговы спекталь гарадзенскага драматычнага тэатра яшчэ раз, на мой погляд, пацвердзіў свой статус - як вельмі прымітыўнага. Асабліва гэта тычыцца акцёрскай гульні. Усё вельмі занадта зразумела, плюхкія жарты. З другога боку гледачам падабаецца - крыкі Бравы мелі месца. А мне было чарговы раз сорамна за гарадзенскі драматычны тэатр. Адзіная рэч была прыемнай, што спектакль які пачаў сезон - быў беларускамоўны....
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру